Тоны новых падручнікаў у Беларусі здаюць на макулатуру


На кардонную фабрыку ў Пухавічах трапілі 4 тоны падручнікаў, якія нават не сталі распакоўваць.

На Пухавіцкую кардонную фабрыку прывезлі 4 тоны новых падручнікаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. Высветлілася, што такім чынам навучальныя ўстановы нярэдка пазбаўляюцца ад кніг, надрукаваных за бюджэтныя сродкі. Такое марнатраўства бюджэтных грошай выкрыў Камітэт дзяржкантролю.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) Менскай вобласці Віктар Трушын распавёў, што кнігі на фабрыцы рэвізоры заўважылі падчас шараговай праверкі. На ўтылізацыю адправілі дапаможнікі па медыцыне, эканоміцы і заканадаўству для студэнтаў ВНУ, а таксама школьныя падручнікі па хіміі, геаметрыі ды геаграфіі.

“З машыны разам з папяровым хламам пасыпаліся новыя кнігі – у пластыкавай упакоўцы: то бок іх нават не раскрывалі!” – абураецца чыноўнік і дадае: “Дадзеная праблема існуе не першы год. Змяняецца праграма. Завышаюцца аб’ёмы пастаўкі падручнікаў. Навідавоку адсутнасць працы ў эфектыўным планаванні”.

Дырэктар Пухавіцкай кардоннай фабрыкі Андрэй Сакалоўскі кажа, што падручнікі на макулатуру прывозяць не першы раз. “Але каб такія аб’ёмы – 4 тоны – за сваю трохгадовую працу бачу ўпершыню”, – дзівіцца ён.

КДК цяпер высвятляе, хто адправіў новыя кнігі на макулатуру, бо гэта сведчыць пра неэфектыўнае выкарыстанне дзяржсродкаў. Тым часам у Менску асноўнымі пастаўнікамі макулатуры застаюцца менавіта ўстановы адукацыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары