Лукашэнка шукае сяброў. Якім будзе новы вектар замежнай палітыкі?


Звязваючы вялікія надзеі з Літвою, Аляксандр Лукашэнка, праўда, ні словам не згадаў пра тое, як даўно марудзіць з ратыфікацыяй дамовы аб малым памежным руху паміж краінамі, даўно зацверджанаю Вільняй. Пакуль жа перспектывы ў адносінах Беларусі з Еўропаю досыць ілюзорныя, Лукашэнка дэманструе актыўнасць на чарговых кірунках. Якіх менавіта?

Вектар вонкавай палітыкі Беларусі можа павярнуцца ў бок Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі. Пра тое, што Беларусь мае не толькі палітычны, але і эканамічны інтарэс у гэтых рэгіёнах, Лукашэнка заявіў падчас сённяшняй сустрэчы з замежнымі дыпламатамі, якія ўручылі яму даверчыя граматы.

{movie}У пошуку новага вектару (16.04.2013) |right|10246{/movie}

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Беларусь бачыць вялікія магчымасці ў развіцці адносінаў з краінамі кантыненту. З гэтаю мэтаю мы плануем далейшае паэтапнае пашырэнне сеткі нашых замежных установаў у Афрыцы”.

Што да эканамічнага асваення Афрыкі беларускімі прадпрыемствамі, яно ўжо пачалося. У Нігерыі наладжваюць вытворчасць трактароў “Беларус”, цяжкавікоў і аўтобусаў МАЗ. Але ці такая супраца абгрунтаваная эканамічна?

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Структура вонкавага гандлю Беларусі ўжо шмат гадоў застаецца стабільнаю: асноўныя гандлёвыя партнёры – гэта Расея і краіны Еўразвязу. Краіны трэцяга свету займаюць прыблізна дзевяць адсоткаў, калі не лічыць Кітай ды краіны СНД. Таму і перспектываў павелічэння гэтых адносінаў я пакуль не бачу”.

Улады ж Беларусі – бачаць. Пошук новых вектараў вонкавай палітыкі ды новых партнёраў для іх неабходны. Разам з тым яны запэўніваюць, што і з традыцыйнымі партнёрамі-суседзямі захоўваюць добрыя адносіны.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Адзін з безумоўных прыярытэтаў беларускай вонкавай палітыкі – гэта фармаванне поясу добрасуседства. Наш прынцып – не ствараць суседзям аніякіх праблемаў”.

Праблемы ж з фармаваннем такога поясу з суседзямі Беларусь мае. І гаворка не толькі пра Еўразвяз. Невыгодным суседам Лукашэнка перыядычна становіцца і для Расеі з Украінаю. Дарэчы, Расея, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, застаецца галоўным і найстарэйшым вектарам вонкавай палітыкі кіраўніка дзяржавы. І пра гэта кажуць не толькі эканамічныя паказнікі. З дзве тысячы чацвёртага года Лукашэнка наведваў Расею аж 46 разоў! Гэта фактычна кожны другі замежны візіт кіраўніка Беларусі. Пошук жа новых вектараў, на думку экспертаў, нішто іншае, як палітычныя гульні перад Крамлём. Ну, а праблемы, якія ўскладняюць беларуска-ўкраінскія адносіны, выпадае развязаць Аляксандру Лукашэнку і Віктару Януковічу пры асабістай сустрэчы ў траўні.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Беларусь адмаўляецца абменьвацца з Украінаю граматамі пра дэмаркацыю мяжы. Бо Украіна не хоча прызнаць і не хоча выплаціць доўгу, які Беларусь лічыць дзяржаўным доўгам Украіны, а Украіна гэтыя грошы доўгам не лічыць”.

І гэта толькі вяршыня айсбергу беларуска-ўкраінскіх праблемаў. Ад палітычнай волі Лукашэнкі шмат у чым залежаць і адносіны Беларусі з Ізраілем. Сёння віза ў Беларусь для грамадзяніна гэтай краіны каштуе ў пяць разоў больш, чымся ізраільская віза для беларуса.

ЁСЭФ ШАГАЛ, ПАСОЛ ІЗРАІЛЮ Ў БЕЛАРУСІ:

“Мы прапаноўвалі беларускаму боку: давайце ўвогуле адмовімся ад платаў за візы! Аднак ніякага адказу не атрымалі”.

Развязаць пытанне ізноў жа паспрабуюць на найвышэйшым узроўні: сёлета Менск можа наведаць прэзідэнт Ізраілю Шымон Пэрэс. Што да ўладаў Беларусі – для іх візіт Пэрэса мог бы стаць нагодаю для пошуку чарговага вектару ў вонкавай палітыцы. Пакуль жа пошукі вядуцца там, “дзе нас не ведаюць і чакаюць”: у Афрыцы і ў Лацінскай Амерыцы.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў