Прэс-служба КДБ распаўсюджвае "ліпавыя" факты пра выбухоўку?


Пра выбух на марафоне ў Бостане і пагрозу тэрарызму ў Беларусі ў «Гарачым каментары» разважаюць былы працаўнік КДБ Ануфрый Рамановіч і спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла

Трое загінулых, больш за 100 параненых, 17 з іх – у крытычным стане. Сярод забітых – 8-гадовае дзіця. Вынік 2 выбухаў на марафоне ў Бостане. Паліцыя адпрацоўвае ўсе магчымыя версіі здарэння.

Здымкі, зробленыя адразу пасля трагедыі, сведчаць пра паніку і хаос на месцы здарэння. Захады бяспекі ўзмоцненыя не толькі ў Бостане, але і ў іншых амерыканскіх гарадах. Разбіральніцтва ў справе ўзначаліла Федэральнае бюро расследаванняў (FBI). Перадусім размова ідзе пра патэнцыйна тэрарыстычнае следства. Блытаніна апанавала пасля трагедыі і некаторыя медыі. Там можна сустрэць досыць супярэчлівую інфармацыю што да колькасці ахвяраў, знойдзеных іншых бомбаў, падазраваных.

Алесь Пуціла не думае, што прычынаю выбуху маглі быць спартовыя разборкі. Аднак што праз здарэнне бліжэйшым часам могуць адмяняць іншыя марафоны – Лонданскі, Такійскі.

Ануфрый Рамановіч зазначае, што ў Беларусі дзяржава выкарыстоўвае тэму тэрарызму для запужвання людзей. У якасці прыкладу ён прыводзіць распаўсюджаны прэс-службаю КДБ па Гарадзенскай вобласці выпадак пра склад з 100 кг выбухоўкі, знойдзенымі ў жніўні 2012 года непадалёк вёскі Адэльск Гарадзенскага раёну за 4 км ад польскай мяжы. «Знаходка» нібыта прызначалася для перапраўлення ў краіны Еўразвязу. Пасля прагучала вядомая пагроза Аляксандра Лукашэнкі пра адмову Беларусі ахоўваць межы з ЕЗ. Паводле госця «Гарачага каментара», вартая даверу крыніца сцвярджае, што насамрэч ніякага складу не было.

{movie}Ануфрый Рамановіч і Аляксандр Пуціла ў “Гарачым каментары” пра выбух у Бостане і тэрарызм у Беларусі|right|10233{/movie}

Ануфрый Рамановіч таксама мяркуе, што расстраляных за арганізацыю тэракту ў менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва проста выкарысталі спецслужбы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў