Цукар, аўтограф Азаранкі ды бел-чырвона-белы сцяг. Што прадаюць з тэгам «Беларусь»?


Электронны сэрвіс «Ebay.com» – адзін з самых папулярных гандлёвых сайтаў, якім карыстаюцца ўва ўсім свеце. Мы праверылі, якім асартыментам тавараў прэзентаваная ў ім Беларусь.

Сэрвіс дзейнічае як аўкцыён. Зарэгістраваны карыстальнік можа выставіць нейкі тавар, пазначыўшы яго пачатковы кошт і час, за які хоча яго прадаць. Далей той, хто дасць найвышэйшы кошт, атрымлівае лот. Звычайна – з пэўнаю эканоміяй адносна коштаў у крамах.

Найбольш сярод лотаў старых паштовак, мапаў і марак. Шмат з іх, відавочна, цікавыя калекцыянерам. Кошты на паштоўкі – каля $ 15, а вось за самую дарагую мапу быў ахвочы аддаць больш за $ 300.

Дастаткова часта прадаюць і запчасткі да трактароў. Ёсць нават адмысловая ўкладка «дэталі для беларускіх трактароў». Нечаканым аўтамабільным лотам аказаліся беларускія аўтамабільныя нумары – старога і новага ўзору, а таксама транзітныя.

Цішоткі – таксама распаўсюджаны лот. Матывы іх вагаюцца ад проста надпісу «Belarus» на чорным, белым ці ружовым фоне ды выяваў сучасных гербу і сцягу.

Дае пра сябе ведаць і ідэалагічная барацьба. Крыху больш за $ 10 можна абмяняць на бел-чырвона-белы сцяг. Прычым продаж, відаць, пастаўлены на паток – статыстыка сайту кажа, што такіх лотаў карыстальнік flagman_ron прадаў ужо 20 штук, яшчэ 6 прапаноўвае. Чырвона-зялёны сцяг сярод лотаў не знойдзены. Затое ў нашыўках – баланс. Ён і б-ч-б і чырвона-зялёныя.

Працягваюць топ нечаканасцяў – праязны менскага метро ($ 8,90), пакуначак цукру з нацыянальнага аэрапорту ($2,90) і рэкламны буклет МТЗ 80-х гадоў ($23,95).

І лот гонару – мячык з аўтографам Вікторыі Азаранкі.

А.Р., belsat.eu

* «Ebay» – аўкцыён, таму ўсе пазначаныя кошты былі спраўджаныя на момант прагляду сайту журналістам (а 22:00 15-га красавіка). У той час, калі вы чытаеце гэты артыкул, лоты або ўжо прададзеныя, альбо выраслі ў кошце.

Стужка навінаў