Сяргей Чалы ў «Гарачым каментары»


“Толькі супольныя санкцыі ЗША і Еўразвязу могуць быць балючымі для рэжыму”

Каментуючы магчымае ўвядзенне санкцыяў Злучанымі Штатамі, палітычны аглядальнік адзначыў, што беларускім прадпрыемствам збольшага няма чаго баяцца, бо пакуль рэч ідзе ўсяго толькі пра ўзнаўленне старых санкцыяў, а гэта два прадпрыемствы канцэрну “Белнафтахім”: лідская “Лакафарба” і салігорскае “Хімвалакно”. “Іншая рэч, што гэтыя санкцыі дзеюць вельмі даўно, проста на іх быў накладзены мараторый. А ў дачыненні “Белнафтахіму” Злучаныя Штаты нічога сур’ёзнага зрабіць не могуць, бо беларускі бок прыняў абарончыя захады, і цяпер усе разлікі і трэйдэры гэтага канцэрну працуюць праз Еўразвяз”, – кажа аналітык.

Таксама ў праекце вядзецца гаворка пра “кропкавыя санкцыі”. Паводле меркавання Сяргея Чалага, гаворка вядзецца пра асабістыя рахункі асобаў, датычных да падзеяў 19 снежня і да таго, што адбывалася пасля.

“Там існуе вельмі цікавая агаворка “фізічных і юрыдычных асобаў”, што адкрывае шырокае поле да інтэрпрэтацыі. Больш за тое, там ідзе вельмі цікавая фраза пра супрацу з Еўразвязам з мэтаю выпрацаваць адзіную пазіцыю. І калі здарыцца так, што будуць такія ўзгодненыя дзеянні ў дачыненні гэтых кампаніяў, то сапраўды гэта можа быць вельмі балючым. Але, думаю, эканамічныя зацікаўленасці нашых еўрапейскіх контрагентаў пераважаць нейкія палітычныя матывы”, – кажа Сяргей Чалы.

Аднак калі казаць пра кропкавыя санкцыі, то тут падтрыманне Еўразвязу цалкам магчымае. Тым болей, што ЗША маюць выпрацаваны механізм блакавання банкаўскіх рахункаў асобаў. Больш за тое, у выпадку такой супрацы замарозяць долі ў розных кампаніях. Нават адкрытыя праз падстаўных ці фіктыўных асобаў. Але аналітык адзначае: “Цалкам магчыма, што разумеючы такую палітычную небяспеку, гэты капітал мог быць ужо пераведзены ў краіны з крыху іншым палітычным рэжымам”.

belsat.eu
https://youtu.be/GnIfkAqZzsY

Глядзі таксама
Каментары