Каб спыніць порна, на «БелМузТВ» ламалі металічныя дзверы


Дзеянні працаўніка тэлеканалу «БелМузТВ», які ўключыў 13 красавіка ў эфірны блок парнаграфічны ролік, «былі скіраваныя супраць гледачоў», заявіў дырэктар каналу Аляксандр Капёнкін. Тэлеканал, дадаў ён, ужо прынёс афіцыйныя прабачэнні сваёй аўдыторыі за «тэхнічны збой», размясціўшы адпаведную інфармацыю на сайце.

Паводле неафіцыйных звестак, 28-гадовы працаўнік «БелМузТВ», нарадзінец Магілёва, 13 красавіка прыкладна а 16:00 уключыў у плэй-ліст эфірнага блоку відэаматэрыялы парнаграфічнага зместу. Затым ён зачыніў металічныя дзверы памяшкання і зламаў ключ у замку. Сказаўшы ахоўніку рэдакцыі, што выйдзе папаліць, працаўнік тэлеканалу ўцёк. Дэманстрацыя парнаграфіі доўжылася 10 хвілінаў.

Капёнкін пацвердзіў інфармацыю пра вымушаны ўзлом дзвярэй і затрыманне працаўніка ў Магілёве. Наконт таго, ці будзе рэдакцыя тэлеканалу выстаўляць свайму працаўніку матэрыяльныя прэтэнзіі за пашкоджанне металічных дзвярэй памяшкання, якія давялося ламаць, дырэктар «БелМузТВ» адзначыў, што «пра гэтыя дэталі можна будзе гаварыць паводле вынікаў следства, допыту гэтага чалавека».

Затрыманы паводле падазрэння ў публічнай дэманстрацыі парнаграфіі працаўнік «БелМузТВ» растлумачыў свае дзеянні прыгнечаным псіхічным станам, які ўзнік з прычыны сваркі з дзяўчынаю. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту Беларусі ў Мунску Аляксандр Герасімаў.

Ён таксама паведаміў, што падазронага 1985 года нараджэння затрымалі 15 красавіка а 0:45 у Магілёве працаўнікі ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму разам з калегамі з УУС Магілёўскага аблвыканкаму і адразу ж адвезлі ў Менск. Цяпер з затрыманым праводзяць следчыя дзеянні.

14 красавіка УСК у Менску распачало ў дачыненні працаўніка ТДА «Рэдакцыя праграмы тэлевяшчання «БелМузТВ» справу на падставе ч. 2 арт. 343 КК (публічная дэманстрацыя матэрыялаў парнаграфічнага зместу з выкарыстаннем сетак электрасувязі агульнага карыстання). Паводле гэтага артыкула, злачынцу пагражае зняволенне ад 2 да 4 гадоў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў