Пётр Пракаповіч: З чаго вы ўзялі, што Еўразвяз увядзе эканамічныя санкцыі?


“Эканамічныя санкцыі ў XXI стагоддзі – гэта дзікасць”, – кажа кіраўнік Нацбанку.

На прэс-канферэнцыі ў Менску Пётр Пракаповіч адзначыў, што ва ўмовах глабалізацыі і адкрытасці рынкаў санкцыі не дадуць рэальнага эфекту. “Да таго ж санкцыі – гэта двухбаковыя адносіны. Сёння ў нас з Еўразвязам абарот каля 15 млрд даляраў, сальда ў нас адмоўнае, то бок мы ў іх купляем болей, чым прадаем. І ўвядзенне санкцыяў будзе азначаць, што як мінімум на 8 млрд зменшацца пастаўкі з Еўропы ў Беларусь, а гэта пераважна абсталяванне. Значыць, тое абсталяванне, што мы куплялі ў іх, захоўваючы дзясяткі тысяч працоўных месцаў, мы купім у іншых краінах. У Кітаі, і не толькі там, сёння няма праблемы купіць абсталяванне”, – кажа кіраўнік Нацбанку.

Увогуле, паводле меркавання Пракаповіча, Еўразвяз не ўвядзе санкцыяў не толькі баючыся страціць “дзясяткі тысяч працоўных месцаў”, але і таму, што гэта проста немагчыма: “Гэта могуць быць рашэнні палітычнага характару, аднак эканамічны характар не дазволіць іх прыняць”.

Таксама галоўны банкір Беларусі абвесціў, што сёлета наша краіна рэзка скароціць вонкавыя запазычанні. Плануецца пазычыць 1 млрд еўраў праз еўрабонды, 8 млрд расейскіх рублёў праз размяшчэнне аблігацыяў у Расеі і па дробязі са сродкаў Еўразійскай фонду. “Іншыя запазычанні на 2011 год не прадугледжаныя», – падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

Старшыня праўлення Нацбанку плануе зменшыць дэфіцыт знешняга гандлю да 9% ВУП, то бок практычна ўдвая ў параўнанні з 2010 г. У гэтым мае дапамагчы ўступленне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору, дзе, як падаецца Пятру Пракаповічу, цалкам магчымае ўвядзенне адзінай валюты: “Казахстан ужо прапанаваў сваю схему, і мы прапануем сваю схему. Гэта будзе адзіная валюта ў межах АЭП, і ўсе краіны будуць мець роўныя магчымасці па яе выкарыстанні”.

belsat.eu

Стужка навінаў