Папулізм з аганьком. Як перамагаў Мадура


Абяцанні залатых гораў, актыўная эксплуатацыя культу Чавэса і ўсё – пад запальнае лаціна з феерверкамі. Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы Нікаляс Мадура з розніцаю менш як 2 % галасоў абышоў на выбарах свайго канкурэнта Энрыке Капрылеса Радонскага.

З падтрыманнем «на нябёсах»

Кампанія Нікаляса Мадуры насамрэч распачалася яшчэ да смерці Уга Чавэса. Хоць да апошняга дзяржаўныя медыі імкнуліся падтрымаць міф пра тое, што камандантэ Уга мае шанцы перамагчы рак, гэта не перашкодзіла распачаць піяр-кампанію Мадуру.

Самы заўважны і, бадай, вырашальны крок на гэтым этапе – абвешчанне Мадуры пераемнікам Чавэса. Гэта дазволіла віцэ-прэзідэнту стаць выконваючым выканальнікам абавязкаў прэзідэнта пасля смерці Уга Чавэса, хоць, паводле Канстытуцыі, гэтую пасаду мусіў заняць спікер Нацыянальнай асамблеі Д’ёсдада Кабэллё.

Нягледзячы на пратэсты апазіцыі, Мадуру прывялі да прысягі літаральна цягам некалькіх гадзінаў пасля смерці прэзідэнта. Цырымонію правёў сам Д’ёсдада Кабэллё, які афіцыйна адмовіўся часова заняць пасаду прэзідэнта, спасылаючыся на тое, што ў яго нядаўна памерла маці і ён не зможа выконваць абавязкі прэзідэнта.

А тым часам Мадура нават заявіў, што яго добраславіў на перамогу сам Чавэс, праўда, ужо пасля смерці. Гэта адбылося так: калі Мадура маліўся ў часоўні, то туды заляцела птушка. Тады пераемнік Чавэса «адчуў нябачную прысутнасць камандантэ». Уласна падчас гэтага «кантакту» Чавэс і добраславіў свайго пераемніка яшчэ раз.

{movie}Чавэс у раю.|right|10208{/movie}

Эксплуатацыя культу Чавэса сталася ледзь не цэнтральнаю тэмаю выбарчай кампаніі Мадуры. Дзяржаўнае тэлебачанне неаднаразова паказвала тое, як ён наведвае магілу Чавэса і транслявала ягоныя выступы, звязаныя з жалобаю па камандантэ.

Беднякі – электарат Мадуры

Яшчэ да смерці Чавэса скептыкі цвердзілі, што Мадура мае не дастаткова харызматычнасці, каб супрацьстаяць Радонскаму. Тым не менш, віцэ-прэзідэнт адразу ўзяў на ўзбраенне рыторыку Чавэса: антыамерыканскія ды антыкапіталістычныя заявы, клопат пра бедных.

Мадура абяцаў пабудаваць у Венесуэле «сацыялізм ХХІ стагоддзя», захоўваючы высокі ўзровень выдаткаў на барацьбу з беднасцю і сацыяльныя выплаты. Адначасова з гэтым ён абяцаў татальны кантроль дзяржавы над бізнесам, барацьбу за правы рабочых і барацьбу з беспрацоўем.

Чавэс з гэтымі праблемамі змагаўся ажно 14 гадоў запар, аднак не надта паспяхова – больш за траціну насельніцтва жыве за рысаю беднасці, хоць прыродныя багацці Венесуэлы дазваляюць значна скараціць гэты паказчык.

Падчас выбарчай кампаніі Мадура даваў і больш канкрэтныя абяцанні: сярод іншага, захаваць падатковыя льготы для самых бедных дыі падвысіць дапамогу беспрацоўным.

Народная любоў

Абодва кандыдаты на прэзідэнцтва рэгулярна праводзілі падчас кампаніі масавыя акцыі. На такіх акцыях Мадура ізноў жа педаляваў тэму таго, што ён – пераемнік Чавэса. Аднак задоўга сумаваць па памерламу камандэнтэ ён сваім прыхільнікам не даваў. Калі ў перадвыбарчых роліках з’яўляўся Чавэс – то пад мажорную музыку.

{movie}Перадвыбарная песня, што ўсхваляе Мадуру|right|10207{/movie}

У першыя ж гадзіны пасля выбараў прыхільнікі Мадуры выйшлі на вуліцы Венесуэльскіх гарадоў, каб адзначыць перамогу феерверкамі ды салютамі. Прыхільнікі апазіцыйнага кандыдата выйшлі на пратэст з пустымі рондалямі ды патэльнямі.

Ці былі фальсіфікацыі?

Паводле афіцыйных вынікаў, Мадура набраў 50,76 % галасоў, а ягоны апанент Энрыке Радонскі – 49,07 %. Вынікі галасавання былі абвешчаны са спазненнем. Перад гэтым Капрылес заявіў, што ўлада рыхтуецца сфальсіфікаваць выбары. Цяпер лідар апазіцыі патрабуе пераліку галасоў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў