Эканомія ці папулізм?


https://youtu.be/7ev0W57mhA0
Колькасць чыноўнікаў у краіне скароціцца ажно на 25 адсоткаў, але пры гэтым дзяржава абяцае забяспечыць звольненых шэрагам ільготаў. Лукашэнка прыйшоў да ўлады з лозунгамі барацьбы з бюракратыяй, аднак пры ягоным кіраванні шмат якія чыноўніцкія структуры толькі разрасліся.

Усім вядома, што рыба гніе з галавы, але чысцяць яе ўсе адно з хваста. Гэтак і ў беларускай палітыцы. Замест грунтоўнай рэформы дзяржапарату Лукашэнка правядзе яго аптымізацыю. Згодна з ягоным указам, чыноўнікаў паменее на чвэрць.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Гаворка ідзе толькі пра скарачэнні, бо рэформа прадугледжвае рэструктурызацыю органаў дзяржкіравання, змену іх функцыяў, скарачэнні цэлых міністэрстваў ці дэпартаментаў”.

Рэфармаваць існую мадэль цяперашнія ўлады не хочуць, таму звяртаюцца да праверанага савецкага спосабу: скарачэння апарату. Разлік на тое, што стомлены бюракратыяй электарат успрыме гэтыя захады на “ўра”. На дарма Лукашэнка абяцае за кошт аптымізацыі зэканоміць бюджэту 130 млн долараў. Праўда, адмыслоўцы сумняюцца.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, НЕЗАЛЕЖНЫ БЕЛАРУСКІ ПРАФСАЮЗ:
“Скарачаюцца вакансіі, скарачаюць тых, што на пенсіі. Дарэчы, на пенсіі затрымліваюць самых лепшых працаўнікоў. Або скарачаць будуць тых, хто падыходзіць да гэтага ўзросту. Калі гаварыць рэальна пра людзей, якіх будуць скарачаць, то гэта адзінкавыя нейкія выпадкі”.

Пры гэтым кіраўнік краіны прапанаваў “адрынутым” чыноўнікам шэраг “паслабленняў”: ад адтэрмінавання на вяртанне крэдытаў да права на абслугоўванне ў ведамасных спецклініках. Але самае галоўнае, што скарочаныя дзяржчыноўнікі будуць працаўладкаваныя, ізноў жа дзяржаваю. У той жа час тыя, што засталіся на сваіх месцах, ад скарачэння толькі выйграюць: іхныя зарплаты павысяцца за кошт звольненых калегаў… Такога трапяткога стаўлення да слугаў народу, што праўда, не падзяляе сам народ.

Жыхары Менску:
“Хутчэй трэба падымаць заробак працоўнаму чалавеку, каб атрымліваў за сваю працу адпаведныя грошы”.
“Настаўнікам, дактарам – вядома ж , яны ж мала зарабляюць”.
“Яны і так дастаткова атрымоўваюць, і так у нас вялікая розніца паміж багатымі ды беднымі”.

Прапанаваную ўпершыню яшчэ ў сярэдзіне студзеня прэзідэнцкую пігулку ад крызісу адмыслоўцы раскрытыкавалі адразу.

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, БЫЛЫ СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ:
“Трэба скарачаць такія функцыі ўлады, як прапаганда ды ідэалогія адміністрацыйна-каманднай мадэлі развіцця. Вось гэту функцыю трэба адняць і скараціць чалавек 500. Не такая страшная сама колькасць чыноўнікаў, калі б яны не ўмешваліся ў бізнес, эканоміку, культуру, кіраванне”.

Але такі радыкальны крок падвышае рызыкі эканамічнай лібералізацыі, і, як наступства, палітычнай, што, у сваю чаргу, раўназначна “сістэмнаму” самагубству.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары