Някляеў: калі мяне пасадзяць, будзем на выбары шукаць новы твар


Лідар кампаніі “Гавары праўду!” таксама абвесціў пра ўдзел у мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах. У мінулую суботу падобную заяву зрабіла Партыя БНФ.

“Гавары праўду!” працуе дзеля таго, каб перамагчы ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Пра гэта лідар кампаніі, экс-кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў заявіў на адкрыцці ўстаноўчага сходу арганізацыі ў Менску 13 красавіка.

“Нашая мэта – прэзідэнцкія выбары 2015 года праз мясцовыя выбары 2014 года. Байкатаванне выбараў у мясцовыя саветы з палітычнага пункту гледжання – абсалютная бязглуздзіца. Рэжым нелегітымны ўжо шмат гадоў, і байкот ці ўдзел у выбарах не зробяць яго больш ці менш легітымным”, – сказаў Някляеў.

Палітык, асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года, нагадаў, што ў ліпені над ім мае адбыцца суд, на якім улады могуць заявіць, што ён не стаў на шлях выпраўлення, і адправіць яго ў турму або працягнуць нагляд. “Але нават у такіх умовах мы будзем шукаць новае аблічча кампаніі”, – заявіў Някляеў.

Цяперашні ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання “Гавары праўду!” – ужо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю.

АК, belsat.eu, паводле “БелаПАН”

Стужка навінаў