Валянцін Голубеў: Да рэферэндуму 1995 года Лукашэнка яшчэ саромеўся


https://youtu.be/04LLVeYpVbQ
Пра пачатак дыктатуры ў Беларусі падзяліўся сваймі ўспамінамі ў «Гарачым каментары» дэпутат Вярхоўнага Савету XII-га склікання.

11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету на знак нязгоды з рэферэндумам, зыніцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам, пачалі галадаванне. Жорсткая рэакцыя кіраўніка Беларусі была першым знакам нараджэння дыктатуры: АМАП і працаўнікі бяспекі ўварваліся ў залу паседжанняў і жорстка збілі дэпутатаў парламенцкай апазіцыі. Былі зафіксаваныя шматлікія цялесныя пашкоджанні, пракуратура распачала справу, аднак хутка яе прыпынілі. Вінаватых не пакаралі дасюль. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што асабіста аддаў загад выгнаць галадоўнікаў. Як падзеі 18-гадовай даўніны ўплываюць на тое, што мы маем сёння?
{movie}”Гарачы каментар”: Валянцін Голубеў пра пачаткі дыктатуры|right|10190{/movie}
«Страшна пра тое ўспамінаць», – згадвае спадар Голубеў збіццё дэпутатаў у зале Вярхоўнага Савету. Тады адразу колькі працаўнікоў праваахоўных органаў выкручвалі яму рукі, шыю: «Потым я памятаю такі момант, што два чалавекі крутнулі мне рукі гэтак, што я, стоячы, ударыўся галавою аб падлогу і ў гэты момант атрымаў дручком па хрыбетніку, і ногі адняліся. Мяне проста пацягнулі. Галава яшчэ працавала, але супраціўляцца я ўжо не мог», – распавёў былы дэпутат.

Валянцін Голубеў падкрэсліў, што для беларускай гісторыі вызначальным сталіся вынікі рэферэндуму, які Аляксандр Лукашэнка правёў 14 мая 1995 года, не гледзячы на ўсе пратэсты апазіцыі. Самым важным для Лукашэнкі сталася тады пытанне пра магчымасць роспуску прэзідэнтам парламенту, што развязвала лідару краіны рукі ва ўсталяванні аўтарытарнай сістэмы.

Былы дэпутат адзначыў, што яшчэ перад рэферэндумам Лукашэнка саромеўся збіцця прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў. Пасля ж кіраўнік краіны без ніякага сораму пачаў змяняць пад сябе Канстытуцыю.

Падзеі, якія разгарнуліся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, разбурылі парламенцкую сістэму ды паказалі, што ў краіне ўсталявалася дыктатура, падкрэсліў палітык. Ужо наступныя парламенцкія выбары 1996 года былі недэмакратычныя, і менавіта з таго часу ў беларускім парламенце да сёння няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Цяперашні парламент, падкрэсліў госць «Белсату», цалкам здыскрэдытаваў сябе, займаючыся толькі зацверджаннем пастановаў Лукашэнкі і не праявіўшы ніводнай самастойнай ініцыятывы.

М.Я., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары