Гістарычныя сядзібы прададуць на льготных умовах


Савет Міністраў зацвердзіў спіс з 46 сядзібаў, якія рэкамендуецца прадаць інвестарам на патрэбы сельскага турызму.

Дырэктар дэпартаменту турызму Міністэрства турызму і спорту Вадзім Кармазін распавёў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў плануецца стварыць у Беларусі першыя агратурыстычныя курорты. “У іх склад увойдуць сельскія сядзібы, агратурыстычныя комплексы. Трэба аб’яднаць іх у адзіную структуру. Мы прапаноўваем стварыць партнёрскую сетку, дзе будуць гаспадары паляўнічых гаспадарак і аграсядзібаў, фермеры. Тады наш турыст зможа атрымаць цэлы комплекс паслугаў у адным месцы”, – адзначыў чыноўнік.

Зацікавіць турыстаў могуць старажытныя сядзібы са сваёй гісторыяй, якія цяпер знаходзяцца ў дрэнным стане і патрабуюць значнай рэканструкцыі. Бадай, найбольш вядомыя з іх – гэта сядзіба Бохвіцаў (в. Падароск, Ваўкавыскі р-н, Гарадзенская вобл.), маёнтак Рэйтанаў (в. Грушаўка, Ляхавіцкі р-н, Берасцейская вобл.), маёнтак Агінскіх (в. Залессе, Смаргонскі р-н, Гарадзенская вобл.) і сядзіба Лапацінскіх (в. Лявонпаль, Мёрскі р-н, Віцебская вобл.).

Старшыня МГА “Гісторыка” Зміцер Рагачоў кажа, што дзяржава шмат гадоў абяцала падтрымаць гістарычную спадчыну, але так і не здолела аднавіць аб’екты. “Мы ведаем прыклады з Германіі, калі гістарычныя комплексы прадавалі немцам літаральна за 1 еўра з абавязкам, што новы гаспадар адновіць сядзібу. У выніку выйгралі ўсе: і гаспадар, і сядзіба, і турысты. Так што продаж беларускіх сядзібаў на льготных умовах сапраўды можа даць новае дыханне нашай гістарычнай спадчыне”, – мяркуе эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары