Пакуль рамантавалі аўтобус, беларусы зладзілі вулічны канцэрт у Нарвегіі


Адзін з нарвежскіх сведкаў перформансу зняў выступленне на відэа ды змясціў у інтэрнэце.

Карыстальнік сервісу “YouTube” напісаў пад ролікам, што канцэрт у Драмэне (Drammen) зладзіў беларускі музычны калектыў, чый аўтобус акурат зламаўся. Пакуль транспарт рамантавалі, беларусы вырашылі не марнаваць часу, а крыху павесяліцца ды прадэманстраваць замежнікам свае таленты.

Імправізаванае творчае дзеянне беларусаў у нацыянальных строях пад музыку басэтлі, цымбалаў ды гармоніка вельмі спадабалася нарвежцам, якія актыўна пляскалі ў ладкі ды падтрымлівалі нашых землякоў воклічамі.

{movie}Вулічны канцэрт беларусаў у Нарвегіі|right|10185{/movie}

Выступоўцы пацешылі замежнікаў не толькі танцамі, прыпеўкамі, але і паказалі пад музыку невялічкі гумарыстычны спектакль пра тое, як мажная жонка спрабавала прадаць на базары свайго худога мужа. Артыстызм ды харызма артыстаў скарылі гледачоў. Аўтар роліку нават зазначыў: “Выбачайце, што відэа знятае дрыготкаю камераю, але я вельмі смяяўся”.

На жаль, пакуль невядома, што за калектыў стаўся героем відэа. Магчыма, нехта з нашых чытачоў пазнае гурт і напіша нам пра яго, бо, як той казаў, краіна мусіць паведаць сваіх герояў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў