«Зялёныя»: Трэба змяніць імідж «Чарнобыльскага шляху»


Шмат хто адчувае недавер да акцыі ды разглядае яе як вузкапартыйны і асабісты піяр, мяркуе беларуская партыя «Зялёныя».

Для павышэння прыцягальнасці акцыі партыя прапаноўвае ў адкрытым лісце да аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” карэкцыю іміджу і пасланняў шэсця.

Асноўная праблема «Чарнобыльскага шляху», як мяркуюць у партыі, звязаная з тым, што вулічная акцыя ўспрымаецца ў грамадстве як палітычная, а не экалагічная. «Яе ўдзельнікі ў асноўным – актыў апазіцыйных партыяў і прадстаўнікі моладзевых палітызаваных субкультураў. Эстэтыка маніфестацыяў хутчэй партыйна-палітычная. Эколагі, праціўнікі АЭС, якіх у грамадстве шмат, часта зведваюць недавер да акцыі ды ўспрымаюць яе як праяўленне вузкапартыйнага і асабістага піяру», зазначаецца ў адкрытым лісце.

На думку «Зялёных», рэформа «Чарнобыльскага шляху» мусіць уключаць адмову ад прывязкі да «апазіцыйнага календара», калі аргкамітэт фармуецца пасля Дня Волі, што «міжволі дазваляе разглядаць шлях як працяг, рымейк 25 сакавіка». «На наш погляд, аргкамітэт ЧШ мог бы фармавацца за колькі месяцаў да 26 красавіка і за кошт сваёй актыўнай прысутнасці ў медыях надаць будучай акцыі імідж галоўным чынам экалагічнай імпрэзы», выказваюць меркаванне партыйцы. Удзельнікамі аргкамітэту маюць быць актывісты ды прадстаўнікі арганізацыяў, якія паслядоўна стаяць на экалагічных пазіцыях, нізавыя экалагічныя грамадзянскія ініцыятывы.

«Зялёныя» прапаноўваюць адмовіцца ад выкарыстання падчас шэсця партыйнай, рэлігійнай і нацыянальнай сімволікі, а таксама ад выступленняў падчас мітынгу лідараў палітычных партыяў і палітызаваных ініцыятываў.

У дакуменце зазначаецца, што «Зялёныя» заклікаюць сваіх актывістаў далучыцца да акцыі, хоць раней пастанавілі не браць удзелу ў працы аргкамітэту. Змена рашэння звязаная з тым, што «падрыхтоўчая праца ў фармаванні аргкамітэту ды яго ідэалагічныя ўстаноўкі практычна такія ж, як і ў мінулыя гады».

Заяўку на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» падалі ў Менгарвыканкам 8 красавіка. Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка а 18:00 на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік» і шэсце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе плануюць правесці мітынг. Акцыя мае завершыцца ўскладаннем кветак да памятнага знаку ахвярам Чарнобылю.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў