Зацверджаны бюджэт Менску – 16 трыльёнаў рублёў


Чыноўнікі абяцаюць радыкальныя паляпшэнні ў сацыяльнай сферы: 2/3 грошай на сацыяльную сферу плануецца скіраваць на адукацыю і ахову здароўя.

Старшыня фінансавага ўпраўлення Менгарвыканкаму Аляксандр Кернажыцкі адзначыў, што выдаткі на сацыяльную сферу ў 2011 г. дасягнуць 1 млрд долараў. “Бюджэтная забяспечанасць аднаго жыхара сталіцы ў ахове здароўя вырасце на 20%, а выдаткі на адукацыю вырастуць на траціну”, – паведаміў чыноўнік.

У якасці прыярытэту абралі мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя. Сёлета плануецца скончыць рэканструкцыю двух паліклінікаў, узвядуць корпусы трох шпіталяў. У Каменнай горцы пабудуюць новую дзіцячую паліклініку.

“Для прыцягнення маладых спецыялістаў, а ў Менску цяпер не стае 500 дактароў вузкай спецыялізацыі і 500 чалавек сярэдняга медычнага персаналу, будуць пабудаваныя працоўныя інтэрнаты, – адзначыў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў. – У сферы адукацыі таксама чакаем абнаўлення. Запланаванае будаўніцтва трох школаў у новых мікрараёнах і шасці дзіцячых садкоў”.

У дадатак гарвыканкам разлічвае на тое, што арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы пералічаць у бюджэт на 1 трлн руб. больш, чымся летась.

belsat.eu

Стужка навінаў