Аляксандр Класкоўскі: Еўропа не пойдзе эканамічнаю вайною на Беларусь


Каментуючы «вайну за санкцыі», якая пачалася паміж прадстаўнікамі беларускай апазіцыі падчас канферэнцыі «Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» у Бруселі, палітолаг адзначыў, што еўрапейцы не бачаць сёння вострай рэвалюцыйнай сітуацыі ў Беларусі ці каб апазіцыя мела нейкі заўважны ўплыў у краіне.



«На гэтым фоне для Еўропы пытанне стаіць так: а як мы патлумачым сваім падаткаплатнікам, што вось цяпер мы перакрываем усе бізнес-кантакты з Беларуссю?»
Таму, на думку эксперта, увядзенне рэальных санкцыяў наўрад ці магчымае.

Старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч на выступе ў Еўрапарламенце выказаў меркаванне, што санкцыі Еўропы супраць Беларусі не маюць сэнсу. «Я не бачу альтэрнатывы дыялогу, а санкцыі ні да чаго добрага не прыводзяць: палітвязняў не выпускаюць, страху больш, уплыў апазіцыі меншы, праеўрапейскія настроі падаюць», – зазначыў палітык у каментары агенцтву БелаПАН.

На думку Мілінкевіча, больш жорсткія эканамічныя санкцыі, да якіх Еўразвяз заклікаюць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, штурхаюць Беларусь у Расею. «Калі нехта кіруецца помстаю Лукашэнку ці працуе на расейскую стратэгію па анэксіі Беларусі, тады, зразумела, што яму трэба заклікаць да санкцыяў», – мяркуе лідар руху «За Свабоду».

Андрэй Саннікаў пазіцыю руху «За Свабоду» назваў «легітымізацыяй рэжыму Лукашэнкі». На ягоную думку, адзіна правільным будзе поўнае спыненне эканамічных адносінаў Еўропы з Беларуссю.

Не падзяляе гэткай катэгарычнасці старшыня АГП Анатоль Лябедзька, падкрэсліваючы, што АГП не падтрымлівае тых захадаў, што пагоршаць і так гаротны стан шмат якіх беларусаў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах.

Вайну паміж апазіцыйнымі партыямі ў пытанні эканамічных санкцыяў Аляксандр Класкоўскі тлумачыць імкненнем кожнай з групаў апазіцыі ўтрымаць і пашырыць сваю нішу. «Адны выйграюць пры пацяпленні дачыненняў паміж Менскам і Еўропаю, і, натуральна, што яны лабіююць гэткі падыход. Іншыя адчуваюць, што, калі пачнецца наўпроставы дыялог паміж Бруселем і Менскам, яны выпадаюць з працэсу. Адпаведна, змяншаецца іхны уплыў, тыя рэсурсы, на якія яны могуць прэтэндаваць», – мяркуе спадар Класкоўскі.

Палітолаг лічыць, што найбольш дзейснае выйсце на сённяшні дзень – гэта спрабаваць развязаць беларускае пытанне праз пакетнае пагадненне, шляхам узаемных саступак. З боку Беларусі гэта, найперш, – вызваленне палітвязняў.

Тое, што санкцыі падштурхнуць Беларусь у адбымкі Масквы, на думку Класкоўскага, не так адназначна. Хоць у выпадку эканамічнай ізаляцыі з боку Еўропы, Лукашэнка найхутчэй будзе спрабаваць паправіць сітуацыю за кошт Расеі, і тады давядзецца саступаць чарговыя прадпрыемствы, што, зразумела, не павялічвае беларускай незалежнасці.

Заклікаючы да санкцыяў, палітыкі спадзяюцца, што гэта прывядзе да масавай незадаволенасці насельніцтва, і ўздыме яго нарэшце на барацьбу. Але Аляксандр Класкоўскі сумняецца ў рэальнасці такога сцэнару і спасылаецца на крызіс 2011 года, які, паводле палітолага, паказаў, што, «нават калі ўдвая падае ўзровень жыцця, масы на вуліцы не выходзяць, а наадварот – трымаюцца за свае працоўныя месцы і паводзяць сябе цішэй за ваду, ніжэй за траву».

Класкоўскі ўзгадвае, як праваліліся спробы апазіцыі арганізаваць народныя сходы і таму падсумоўвае, што схема прыхільнікаў санкцыяў – зніжаецца жыццёвы ўзровень, масы палітызуюцца і пачынаюць вулічную барацьбу – дасюль не спрацоўвала, і няма гарантыі, што раптам спрацуе ў выніку поўнамаштабнай эканамічнай вайны.

У той жа час Класкоўскі адзначае, што шлях перамоваў і пакетнага пагаднення, хоць і выглядае больш дзейсным, але гэтаксама не гарантуе дэмакратызацыі беларускага рэжыму. «Саступкі, хутчэй за ўсё, будуць дэкаратыўнымі. Але і гэта ўжо нейкая дынаміка, акно магчымасцяў для Беларусі», – лічыць эксперт.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў