«Магілёўская пралька»: За тры гады злачынцы «адмылі» $ 5 млн


Чальцы злачыннай групоўкі выкарыстоўвалі разліковыя рахункі, дакументы з рэквізітамі чатырох падкантрольных ім камерцыйных арганізацыяў у Менску. Пры гэтым абарот грашовых сродкаў за 2009–2012 гады склаў больш за Br 34 млрд.

Паводле ўпраўлення дэпартаменту фінансавых расследаванняў, «магілёская пралька» аказвала «паслугі ў пераводзе ў наяўныя» грашовых сродкаў, легалізацыі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых з парушэннямі мытнага або падатковага заканадаўства.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Аляксандр Шаройкін, першапачаткова высветлілі чатырох актыўных чальцоў групы. У дачыненні іх 28 лютага распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўлялася арганізаванаю групаю». Следчыя дзеянні – вобшукі да канфіскацыі – праводзіліся цягам сакавіка.

«Арганізатарам і каардынатарам усёй дзейнасці выступіў 35-гадовы намеснік дырэктара аднаго з магілёўскіх прыватных прадпрыемстваў. Ролі сярод удзельнікаў групы былі дакладна размеркаваныя: працаю з «кліентамі», прыёмам-выдачаю наяўных грошай займаўся кіраўнік злачыннай групы, астатнія яе ўдзельнікі ажыццяўлялі вядзенне бухгалтарскага ўліку і афармленне першасных уліковых дакументаў. Для таго, каб запабегчы адказнасці, імі прымаліся ўсялякія захады канспірацыі», – зазначае Шаройкін.

Як сцвярджае Шаройкін, падазроныя ў злачынстве прызналі сваю віну і пачалі супрацоўнічаць са следствам.

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі ды адмысловага дазволу (ліцэнзіі) у складзе арганізаванай групы ім пагражае пазбаўленне волі ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

М.Л., паводле БелаПАН

Стужка навінаў