Апошні цягнік. In memoriam


Ахвярамі тэракту, які прагрымеў у менскім метро два гады таму, сталі 15 асобаў. Гэта былі людзі рознага ўзросту, заняткаў, светапоглядаў. Аб’яднаў іх трагічны збег абставінаў.

11 красавіка а 17:55 яны былі на станцыі «Кастрычніцкая» найбліжэй да эпіцэнтру выбуху. Іх жыцці абарваліся раптоўна і пакінулі пасля сябе балючае шматкроп’е.

На месцы загінулі 12 асобаў. Яшчэ трое памерлі пазней ад атрыманых траўмаў.

Наталля Абражэй, 44 гады, бухгалтар. Наталля штодня карысталася метро, каб дабрацца на працу і дадому. Калі мама раптам знікла, сям’я да апошняга не верыла ў найгоршае. Не маглі знайсці яе да трэцяй гадзіны ночы. Аднак а чацвёртай паехалі на апазнанне і знайшлі Наталлю… Ужо пасля ў тэлевізары сын пабачыў, як ля ўваходу ў метрапалітэн нежывое цела маці накрываюць прасцінаю.

Галіна Пікулік, 51 год, працаўніца выдавецтва «Літаратура і мастацтва» і Анатоль Наркевіч, 51 год, кіраўнік службы бяспекі банку. Грамадзянскія сужэнцы разам накіроўваліся на свята – у гэты самы дзень, 11 красавіка, дачцэ Анатоля спаўнялася 17 гадоў. Незадоўга да выбуху Анатоль пазваніў ёй і паведаміў, што яны ўжо едуць… Ён рэдка карыстаўся падземным транспартам, часцей ездзіў на машыне. Хоць за год да таго патрапіў у сур’ёзную аўтааварыю. Гэтым разам лёс не ўратаваў…

Юрый Клімец, 23 гады, магістрант. Юра быў выдатным студэнтам, атрымаў дыплом з адзнакаю ў Акадэміі кіравання, паступіў у магістратуру на спецыяльнасць «юрыспрудэнцыя», а гэтаксама атрымліваў другую вышэйшую адукацыю ў БДЭУ. Тым вечарам чакаў на платформе «Кастрычніцкай» сваю дзяўчыну Кацю, каб разам ехаць на заняткі ва ўніверсітэт. Каця крыху спазнілася…

Сяргей Герасімчык, 17 гадоў, студэнт. Сяргей прыехаў у Менск на выходныя, але паведаміў сваякам, што гэтым разам затрымаецца і на панядзелак. Ён меў намер дамовіцца аб праходжанні практыкі на заводзе «Атлант», бо цікавіўся тэхнікаю. Незадоўга да трагедыі Сяргей напісаў сябру, што едзе на вакзал. Туды ён ужо не дабраўся…

Таццяна Захаркава, 42 гады, дырэктарка прадпрыемства. Таццяна адна выхоўвала дачку Аліну. У той дзень жанчына чамусьці вырашыла дабірацца дадому з працы на метро, хоць звычайна карысталася наземным транспартам. Выбар аказаўся фатальным…

Ганна Шагойка, 56 гадоў, працаўніца крамы «Мілавіца». Пасля працоўнага дня Ганна патэлефанавала сваякам і сказала, што ёй трэба заехаць у краму. На “Купалаўскай” яна выйшла, каб перайсці на іншую лінію…

Аляксандр Парфунцаў, 57 гадоў, эканаміст. У сваёй арганізацыі лічыўся каштоўным працаўніком, марыў хутчэй выйсці на пенсію і заняцца любімаю справаю – садоўніцтвам. Аказаўся ў тым самым пагібельным месцы ў той самы час – а 17:55. Ягоны калега выйшаў з вагону першым і застаўся жывым…

Раман Капцюх, 21 год, студэнт. Раман быў сынам славутага беларускага спартоўца, бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў па кіданні дыска Васіля Капцюха. Раман адмовіўся паўтараць кар’ерны шлях бацькі ў спорце і абраў гандлёвы каледж. 11 красавіка ўвечары вяртаўся дамоў з аднагрупніцаю. Яна ўбілася ў перапоўнены цягнік, а Раман вырашыў не лезці ў таўкатню і дачакацца наступнай электрычкі…

Сяргей Сярбаеў, 22 гады. Сяргей, працаваў у менскай кавярні ды тым панядзелкам вяртаўся дахаты звычайнаю дарогаю.



Вольга Салаўёва
, 27 гадоў, перакладчыца. Вольга паходзіла з Баранавічаў. Скончыла Менскі лінгвістычны ўніверсітэт, добра валодала англійскаю і турэцкаю мовамі. 11 красавіка вярталася з працы звыклым шляхам… У Вольгі засталася самотная маці.

Віталь Бакан, 33 гады, будаўнік. Віталь збіраўся ехаць у Маскву з Салігорску. Але раптоўна змяніў планы, здаў квіток на цягнік і рушыў у Менск. Там, пераночыўшы ў сваякоў, накіраваўся на вакзал праз метрапалітэн. На «Купалаўскай» Віталю трэба было зрабіць перасадку…

Анатоль Макейчык, 57 гадоў, майстар ўсталявання кандыцыянераў. Анатолю ўдалося выжыць у выніку жахлівага выбуху. Тры дні дактары намагаліся яго выратаваць, аднак траўмы аказаліся не сумяшчальнымі з жыццём…

Віталь Дайнэка, 40 гадоў. Папоўніў жалобны спіс загінулых у выніку трагедыі ў менскім метро. Два тыдні мужчына заставаўся жывым, дорачы нясмелую надзею сваякам. Аднак 25 красавіка ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Ён стаў чатырнаццатаю ахвяраю…



Андрэй Ільін
, 37 гадоў, доктар хуткай дапамогі. У той дзень вяртаўся дамоў з працы. Атрымаў цяжкія раненні твару, вачэй і ног. Дактары выратавалі ягонае жыццё, і Андрэй пачаў праходзіць рэабілітацыю. Не мог нарадавацца з’яўленню другога дзіцяці – на той час дачцэ Ганне было ўсяго чатыры месяцы. Аднак наступствы траўмаў выявіліся нечакана. 25 траўня 2011 года Андрэя не стала. Раптоўна адарваўся тромб…

Хто вінаваты?

Фактычна праз суткі, увечары 12 красавіка, затрымалі падазроных – 25-гадовых нарадзінцаў Віцебску Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Апроч абвінавачання ва ўчыненні тэракту ў метро, пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008 года.

{movie}Запісы камер назірання ў метро |right|10150{/movie}

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а гэтаксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад націскам следства. Суд прыгаварыў абодвух да смяротнай кары, прызнаўшы Канавалава вінаватым у зацятым і асабліва зацятым хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей, Кавалёва – у зацятым і асабліва зацятым хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, неданясенні аб рыхтаванні асабліва цяжкога злачынства, аб ўчыненні асабліва цяжкога злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яе перабывання, а гэтаксама ў дапамаганні тэрарызму.

Справядлівае пакаранне ці ўзаконенае забойства? Чым быў расстрэл Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва? У белсатаўскім фільме «Страх у краіне спакою» былі раскрытыя дагэтуль невядомыя факты, ацэнкі незалежных экспертаў, аповеды следчых пра сістэму органаў пераследу ў Беларусі.

Аўтары стужкі аналізуюць найбольш супярэчлівыя моманты справы «тэрарыстаў з метро», якіх суд так і не разгледзеў. Чаму на працэсе галоўны абвінавачаны, Дзмітрый Канавалаў, не сказаў ані слова? Адказы на гэтыя пытанні – у стужцы Кацярыны Бортнік «Страх у краіне спакою».

Настасся Яўмен, М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў