Кіроўцы: Пры карупцыйнай сістэме аўто можна канфіскаваць заўсёды


Свавольства п’яніцаў за стырном аўтамабіляў – галаўны боль і грамадзянаў, і міліцыянтаў, і ўладаў. Апошнія кажуць, што вынайшлі дзейсны спосаб змагацца з гэтаю з’яваю. Аўтамабілі будуць канфіскоўваць, прычым кара чакае не толькі кіроўцаў, але і ўладальнікаў, што даверылі аўта ненадзейным знаёмым. У Генпракуратуры паведамілі, што рыхтаванне адпаведнага законапраекту ўжо скончылася.

З тым, што сядаць за стырно пад чаркаю недапушчальна, а п’яных кіроўцаў трэба караць, пагодзяцца ўсе, хто думае цвяроза. Але спосабы пакарання могуць быць розныя. Ад штрафаў і пазбаўлення правоў – да канфіскацыі аўта.

{movie}Дарожныя зачысткі (10.04.2013)|right|10149{/movie}

АЛЯКСАНДР ЖУК, ЮРЫСТ:

“Канфіскацыя аўтамабіля – наўпроставы замах на права ўласнасці, і гэта супярэчыць канстытуцыйным нормам”.

Аднак падобна на тое, што Канстытуцыя даўно стала апошняй інстанцыяй, куды звяртаюцца пры рыхтаванні законапраектаў. Як паведаміў Генпракурор Аляксандр Канюк, згодна з ужо падрыхтаваным праектам закону пазбаўляць аўтамабіля маюць і кіроўцаў, якія парушылі закон, і асобаў, якія перадалі ім уласны транспартавы сродак. Адмыслоўцы падазраюць, што намеры ва ўладаў не такія і празрыстыя.

ФЁДАР СУХАЎ, АБ’ЯДНАННЕ «ЗА АЎТА»:

“Асноўны пасыл гэтай заявы генеральнага пракурора не ў тым, каб зменшыць колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых кіроўцаў, а ў тым, каб узаконіць канфіскацыю аўтамабіляў”.

Кіроўцы ж кажуць наўпрост:

КІРОЎЦЫ, МЕНСК:

“Пры карупцыйнай сістэме патрэбны аўтамабіль заўсёды можна будзе канфіскаваць. Таму адмоўна да гэтага стаўлюся. Няхай караюць рублём”.

“Неабходна шукаць іншыя сродкі пакарання”.

Але сродкі гэтыя ўжо, як і аўтамабільнае кола, даўно вынайдзеныя. І прапісаныя яны ў тым ліку ў дзейным Крымінальным кодэксе. А што да паводзінаў кіроўцаў, паводле адмыслоўцаў, пытанне неспалучальнасці п’янства і аўтамабілізму трэба падымаць яшчэ з сярэдняй школы. А калі хто прапусціў важны ўрок…

ФЁДАР СУХАЎ, АБ’ЯДНАННЕ «ЗА АЎТА»:

“Неабходна, каб тыя людзі, што трапляюцца паўторна: у другі, трэці раз, шосты, пяты, дзясяты, – атрымлівалі нармальныя тэрміны. Але яны не мусяць сядзець у турме, яны мусяць адпрацоўваць свае штрафы”.

Новы законапраект непрыемным мае стаць не толькі для тых, хто зірнуў у бутэльку перад дарогаю, але і ў тых, хто даў свой аўтамабіль чалавеку нападпітку. Ды і саму працэдуру перадавання маюць значна ўскладніць – вярнуўшы даверанасці. І калі апытаныя намі менчукі да такога вяртання ў мінуўшчыну пакуль падыходзяць спакойна…

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Я, напрыклад, не дам даверанасці, калі я не ўпэўнены ў гэтым чалавеку”.

“Трэба ведаць, каму даваць. Вось гэтак”.

Юрыстаў чакае павелічэнне сумнеўна патрэбнай папяровай валакіты.

АЛЯКСАНДР ЖУК, ЮРЫСТ:

“У свой час адмена даверанасцей прывяла да скарачэння колькасці зваротаў грамадзянаў, якая, несумненна, разгрузіла нашых натарыусаў. Калі будзе такая сістэма ўведзеная, то адным з плюсоў будзе папаўненне дзяржаўнага бюджэту, бо за такія дзеянні бярэцца дзяржаўнае мыта”.

А таму, куды ні круці, а задавальняць новы закон будзе толькі частку беларускага грамадства.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў