У Беларусі працягваецца вайна з карупцыяй. Пад прыцэлам – два дырэктары


Гэтым разам пад следства трапілі кіраўнікі адразу 2 прадпрыемстваў – «Магілёўвадбуду» і Менскага мясакамбінату. Абодвух затрымалі паводле падазрэння ў атрыманні хабару. Сумы, якія фігуруюць у крымінальных справах, невялікія, чаго нельга сказаць пра пакаранне, якое за гэта пагражае.

Розныя дырэктары, розныя сферы прамысловасці, але вельмі падобныя гісторыі. Першая з Магілёва, дзе пад варту ўзялі генеральнага дырэктара холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўгена Зюзіна. Паводле Следчага камітэту, яго падазраюць у атрыманні хабару 400 тыс. расейскіх рублёў (гэта прыблізна $ 12,5 тыс) ад прадстаўнікоў расейскай кампаніі.
{movie}У Беларусі працягваецца вайна з карупцыяй |right|10116{/movie}
За грошы гендырэктар «Магілёўвадбуду» нібыта паабяцаў развязаць пытанне з заключэннем дамоваў на аказанне транспартавых паслугаў і ажыццяўленне рэкультывацыі зямель у Рэспубліцы Комі. Хоць на гэтую справу следчыя выйшлі з іншага расследавання. Спачатку Яўгена Зюзіна арыштавалі за злоўжыванне ўладаю ў выглядзе крадзяжу паліўна-змазачных матэрыялаў холдынгу на суму прыблізна Br 2 млн.

А вось у сталіцы крымінальную справу распачалі супраць генеральнага дырэктара Менскага мясакамбінату. Уладзіміра Лазоўскага падазраюць у атрыманні хабару $ 4 тыс. ад прыватніка. За гэта Лазоўскі нібыта паабяцаў развязаць пытанне пра перавод грошай за рамонт.

«Усе разумеюць, што нават на нізкім узроўні ёсць карупцыя, але яна цяжэй выкрываецца. На вышэйшым узроўні таксама ёсць карупцыя. Напрыклад, у будаўнічай сферы ў Менску. Толькі на адкатах можа весціся такое будаўніцтва», – падкрэсліў палітолаг Ігар Драко.

Гэтак, у лютым суд Менскай вобласці прызнаў вінаватым у хабарніцтве асабліва буйнога памеру намесніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева. За вымаганне $ 500 тыс. ад чэшскага інвестара Васільева асудзілі на 14 гадоў узмоцненага рэжыму.

Вайна з карупцыяй, «канёк» Аляксандра Лукашэнкі, пачынаючы з выбараў 1994 года не спынялася ніколі. Аднак паводле рэйтынгаў міжнародных арганізацыяў, паводле ўзроўню карупцыі Беларусь займае найгоршыя месцы ў свеце, разам з афрыканскімі краінамі ды Украінай і Расеяй.

Марцін Ярскі, belsat.eu
https://youtu.be/6FEsT9cqKK4

Глядзі таксама
Каментары