Алесь Лагвінец у «Гарачым каментары»


Лукашэнка жыве ў катэгорыях грамадзянскай вайны

Каментуе палітолаг апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі. Калі афіцыйны Менск прыгадвае Нямеччыне Другую сусветную вайну, кажа пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы, то “гэта значыць, што дыялог у бліжэйшыя часы наўрад ці адбудзецца”. “Па тых заявах, што робіць Аляксандр Лукашэнка, ствараецца такое адчуванне, што ён жыве ў катэгорыях грамадзянскай вайны ці Другой сусветнай вайны, калі трэба было ваяваць з ворагам і яго знішчаць”, – кажа Алесь Лагвінец.

Паводле меркавання эксперта, Лукашэнка няправільна разумее Заходні свет і хоча падняць планку для дыялогу. Ён намагацца, каб яго прынялі такім, які ён ёсць: “Я што хачу раблю на Беларусі, я ні на якія каштоўнасці не зважаю, а вы мне за гэта павінны яшчэ і даплачваць у выглядзе крэдытаў, у выглядзе прызнання ў Еўропе, у выглядзе міжнароднай легітымнасці сённяшняй улады”.

Аднак Еўропа не зважае на намаганні Лукашэнкі. Так, сёння Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой утрымліваюцца патрабаванні спыніць пераслед і пагрозы ў дачыненні апазіцыйных палітыкаў і незалежных медыяў, а таксама правесці празрыстае расследаванне непрапарцыйных дзеянняў органаў правапарадку супраць дэманстрантаў 19 снежня. ПАРЕ падкрэслівае неабходнасць прыпыніць кантакты з Беларуссю на высокім узроўні.

“Рэзалюцыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы носіць выключна маральны характар. Канкрэтных дзеянняў з боку ПАРЕ чакаць цяжка, паколькі найбольш сур’ёзнай санкцыяй было б выключэнне Беларусі з Рады Еўропы. А паколькі Беларусь туды нават не ўваходзіць, то гэтая рэзалюцыя носіць рэкамендацыйны характар. Тым не менш, гэтая рэзалюцыя паказвае ўвагу ўсіх 47 краінаў “старога кантыненту” да сітуацыі ў Беларусі”, – упэўнены палітолаг.

belsat.eu
https://youtu.be/3j6f1L5YdXg

Глядзі таксама
Каментары