Беларускі «Волат» можа стаць неўзабаве «Богатырём»


Чарговым прададзеным Расеі прадпрыемствам можа стаць Менскі завод колавых цягачоў «Волат» (МЗКЦ).



Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч і першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы ў сакавіку дасягнулі прынцыповага пагаднення наконт продажу расейскаму боку кантрольнага пакету акцыяў ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», паведамляюць «Известия».

Продаж МЗКЦ «Волат» выглядае нелагічным, бо гэта адзін з самых рэнтабельных і высокатэхналагічных заводаў краіны. Ён выпускае тэхніку ваеннага і грамадзянскага прызначэння. Сярод унікальнай прадукцыі «Волата» – шасі пад зенітна-ракетныя комплексы, краны і цягачы, якія вырабляюцца толькі ў Менску. Аднак запатрабаваная гэтая прадукцыя амаль цалкам у адной Расеі.

Паводле сцэнара пакупніка

Усе мабільныя ракетныя комплексы расейскіх войскаў абсталяваныя шасі з МЗКЦ. Расейцы спрабавалі выпускаць гэткую прадукцыю на базе Бранскага аўтамабільнага заводу, аднак рэалізацыя гэтага плану вымагае шмат часу.

Пытанне продажу «Волата» актуалізавалася, калі ў Расеі пачалося аднаўленне абарончага комплексу, а выраб часткі ваеннай тэхнікі запатрабаваў беларускай прадукцыі. Прыватызацыю «зборачнага цэху» распачнуць з МКЗЦ. Расейскаму боку зручней мець гэткі завод ва ўласнасці, каб не купляць шасі ад беларускага прадпрыемства.

«Известия» адзначаюць, што адзіным спрэчным момантам пакуль застаецца кандыдатура пакупніка. Беларускі бок пажадаў заключыць дамову з Канцэрнам СПА «Алмаз-Антей», НВА «Сплав», НВК «Конструкторское бюро машиностроения» і ААТ «Корпорация «Московский институт теплотехники», аднак не хоча бачыць пакупнікамі КАМАЗу ці «Уралвагонзаводу». Гэта ўрад Беларусі тлумачыць тым, што завод доўгі час супрацоўнічае з 5 першымі ўстановамі, а вось апошнія два лічыць, хутчэй, канкурэнтамі.

Імаверна, беларускі бок наўпрост цягне час, адкладаючы момант продажу прыбытковага прадпрыемства. Эканаміст Аляксандр Сінкевіч мяркуе, што на нявызначанасць нашага ўраду паўплывала Праграма пераўзбраення расейскай арміі. «Патэнцыйныя інвестары належаць да розных фінансава-алігархічных груповак. Калі Дварковіч прадстаўляе больш ліберальную плыню, то КАМАЗ і «Уралвагонзавод» – пад пратэктаратам старога клану. Таму беларускае кіраўніцтва чакае сігналу з Крамля».

Застанецца гандляваць тэрыторыяй

Продаж «Волата» не выгодны Беларусі, але кіраўніцтву дзяржавы нічога не застаецца, як пагаджацца на ўсе ўмовы расейскага боку, калі краіна хоча атрымаць чарговы транш ад Еўразэс.

Сродкі ад продажу заводу маглі б пайсці на рэфармаванне эканомікі ў бок рынку, але такіх планаў урад не агучваў. «На жаль, продаж «Волата» пойдзе нам, хутчэй, ва ўрон, бо яго праца прыносіла краіне прыбытак, − тлумачыць Аляксандр Сінкевіч. – Так, мы атрымаем за яго немалую суму, аднак вельмі хутка праядзім яе».

Пэўная рацыя праглядаецца ў продажы нерэнтабельных прадпрыемстваў, мадэрнізацыя якіх не пад сілу беларускім інвестарам. Аднак заўчаснае пазбаўленне ад ключавых заводаў айчыннай эканомікі заганяе краіну ў стан яшчэ большай залежнасці.

«Хоць мы будзем атрымліваць нейкія капейкі за транзіт, а рабочыя будуць мець сталы заробак, пасля продажу буйных прадпрыемстваў нам застанецца гандляваць толькі адным – тэрыторыяй», − перакананы Аляксандр Сінкевіч.

Працягваюцца перамовы між беларускім і расейскім бакамі наконт продажу ці супольнага кіравання Менскім аўтазаводам, адкрытымі акцыянернымі таварыствамі «Беларуськалій», «Нафтан», «Інтэграл», «Горадня Азот» ды іншымі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў