З-пад снегу выступілі першыя… буракі, або "Чорная дзіра" сельскай гаспадаркі"


Сельская гаспадарка паглынае да 40 % усіх бюджэтных рэсурсаў, што выдаткоўваюцца на нацыянальную эканоміку. Дзяржава набывае калгасам тэхніку, паліва, угнаенні. А тым часам на палетках застаецца гніць мінулагодні ўраджай.

Адкуль бяруцца азімыя буракі?

Піншчына, калгасныя палеткі. Снег сышоў ды паказаліся на полі… буракі. Колькі гектараў самай рэнтабельнай, нават “стратэгічнай” культуры ў Беларусі літаральна згніла, хоць на паперы ў краіне збіраюць усё.

“Гэтая з’ява – паўсюдная. Дастаткова пачытаць нават цэнтральную дзяржаўную прэсу, дзе перыядычна пішуць пра такія выяўленыя факты. Гэтак, нядаўна ў Любанскім раёне знайшлі 130 гектараў непрыбранай кукурузы. Падобны выпадак быў у і Шклоўскім раёне, – зазначае Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук, адмысловец у сельскай гаспадарцы. – Я на 100 % упэўнены, што гэтае поле на Піншчыне – не фермерскае, а належыць дзяржаўнаму СПК”.

Паводле эксперта, менавіта ў гэтым трэба шукаць зерне праблемы: “Гэтае бязладдзе – праблема не толькі цяперашняй улады, яна паходзіць яшчэ з савецкіх часоў, часоў татальнай дзяржаўнай уласнасці. Няма прыватнай уласнасці – няма матывацыі для эфектыўнага выкарыстання тых актываў, што знаходзяцца ў тваіх руках”. А вось актывы ў беларускага аграпрамысловага сектара – проста вялізарныя: гэта не толькі зямля і працоўныя рукі, але і гіганцкае дзяржаўнае падтрыманне.

Грошы, закапаныя ў зямлю

Сельскую гаспадарку падтрымліваюць у кожнай краіне – у той ці іншай форме прадпрыемствы атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы. Паводле інфармацыі Сусветнага банку, бюджэтнае падтрыманне з разліку на 1 гектар сельгасугоддзяў у Беларусі складае $ 232. Да прыкладу, Злучаныя Штаты “закопваюць у 1 гектар” $ 214.

Аб’ём угнаенняў, якія ўносяцца з разліку на 1 гектар у Беларусі, – самы высокі ў рэгіёне (больш за 200 кг), у 5–6 разоў вышэйшы, чымся ва Украіне ды Румыніі, а таксама большы, як у Польшчы, Чэхіі ды Нямеччыне. Адначасова з гэтым Беларусь адстае паводле ўрадлівасці ад Нямеччыны ўва ўсіх відах культураў і ў большасці відаў – ад Польшчы ды Чэхіі.

“Да нядаўняга часу калійныя ўгнаенні экспартаваліся беларускім вытворцам па кошце $ 17 за тону пры коштах на сусветным рынку – каля $ 400. І толькі ад пачатку года гэты кошт для СПК падвысілі да $ 100, – дадае эканаміст Леанід Злотнікаў. – І гэта толькі частка вялізарнай сістэмы субсідавання сельскай гаспадаркі”.

Цяплічныя ўмовы

Беларускія СПК маюць проста неверагодныя спрыяльныя эканамічныя ўмовы. Дзяржава праз розныя схемы датуе ўвесь ланцуг вытворчасці сельгаспрадукцыі, у тым ліку набыццё паліва, сельгастэхнікі, насення ды ўгнаенняў. Пры гэтым калгасы не адчуваюць канкурэнцыі на рынку з боку фермераў, бо іх амаль няма.

У галіне падаткаў палёгкі такія, што нават і не сніліся рэзідэнтам афшорных зонаў: з 2000 года ў Беларусі для сельгасвытворцаў дзее адзіны падатак, што замяняе ўсе іншыя (падатак на прыбытак, на нерухомасць, мясцовыя зборы). Складае ён… толькі 2 %! Як і іншыя суб’екты гаспадарання, калгасы маюць выплочваць падатак на даданую вартасць, але – усяго 10 % (замест 20 %) ды ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – 30 % (стандартная стаўка – 34 %). Паводле экспертаў Сусветнага банку, праз падаткавых ільготаў бюджэт штогод недаатрымлівае суму, роўную 1 % ВУП.

“Прыкладна палову выдаткаў сельскай гаспадаркі на вытворчасць прадукцыі так ці гэтак аплочвае дзяржава. Выручка ад продажу сельгаспрадукцыі не пакрывае выдаткаў, – канстатуе Леанід Злотнікаў. – Агульная запазычанасць сельскай гаспадаркі па крэдытах і плацяжах у бюджэт трошкі перавышае гадавую выручку. То бок трэба год працаваць і ўсё аддаць толькі дзеля таго, каб вярнуць пазыкі”. Паводле адмыслоўца, запазычанасці гэтыя рэгулярна спісваюцца.

Балючае рэфармаванне

Усе гэтыя фінансавыя прэферэнцыі адным махам перакрывае скрайне неэфектыўная камандна-адміністратыўная сістэма.

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў эксперты настойліва раяць афіцыйнаму Менску рэфармаваць сельскую гаспадарку. Гэтая рэформа мае ў сваёй аснове перавод прынамсі часткі гаспадаркі на прыватныя рэйкі. Але паводле Пятра Мігурскага, Беларусь згубіла ўжо зашмат часу, і ў найбліжэйшай перспектыве карэнныя змены немагчымыя.

“Той фермерскі энтузіязм, які літаральна панаваў на пачатку 1990-х гадоў, калі арганізоўваліся фермерскія гаспадаркі, фактычна быў здушаны яшчэ тагачаснаю ўладаю. Беларусь тады мела шанец стаць сучаснаю развітаю дзяржаваю, у тым ліку ў галіне сельгасвытворчасці. Самыя ініцыятыўныя людзі, якія ў тыя часы прыходзілі ў фермерства, у ім расчараваліся. Сёння павярнуць Беларусь на рэйкі фермерызацыі скрайне складана, – зазначае адмыслоўца. – Цяпер незразумела, што рабіць з буйнамаштабнаю вытворчасцю. Панабудавалі комплексаў, а механізму ўвядзення іх у рынкавыя адносіны няма. Гэта праблема сённяшняй Беларусі і праблема будучыні”.

“Наёмныя працаўнікі без кантролю добрага ўласніка, сапраўднага ўласніка, а не дзяржавы, працуюць кепска. Гэта агульная тэндэнцыя ўва ўсім свеце: сацыялістычная сельская гаспадарка заўсёды неэфектыўная”, – падкрэслівае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Нават дробная прыватная гаспадарка сёння выступае ў якасці антыподу калгасу, узорам гаспадарлівасці і нярэдка – прыбытковасці. “Як у вёсцы? У 80-гадовай бабулькі, які б вялікі ні быў агарод, нічога ніколі на зіму гніць не застаецца, бо ёсць матывацыя: ад унутранай матывацыі, калі чалавек проста прызвычаены да парадку, да эканамічнай і сацыяльнай матывацыі. Тое, што пасеяў – мусіш сабраць, каб не страціць, дый перад суседзямі, каб не было сорамна”, – дадае Пётр Мігурскі. На палях жа дзяржаўных СПК штогод знаходзяць азімыя буракі ды перазімаваўшую кукурузу.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў