Да чаго імкнуцца ўлады Украіны, вызваліўшы палітвязняў?


Украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч памілаваў былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнку і былога міністра аховы навакольнага асяроддзя Георгія Філіпчука.

Спадарыня Луцэнка пацвердзіла, што ейны муж цяпер у кабінеце начальніка калоніі ў Чарнігаўскай вобласці ды чакае прыезду сваякоў. Яна паведаміла, што сама ўжо выехала з Кіева ў калонію.

У 2012 годзе палітыка прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за растрату дзяржаўных сродкаў асабліва буйных памераў. На волю ён меўся выйсці ў канцы 2014-га.

Адвакат былога міністра Аляксей Баганец назваў указ аб памілаванні актам міласэрнасці. «Я расцэньваю ўказ прэзідэнта як акт міласэрнасці да чалавека, якога незаконна арыштавалі, незаконна асуджаны і які атрымаў у месцах пазбаўлення волі цэлы букет цяжкіх захворванняў», цытуе адваката «РИА Новости».

Георгій Філіпчук. Фота news.liga.netГеоргій Філіпчук. Фота news.liga.netАпроч Луцэнкі, ва ўказе «Аб памілаванні асуджаных» значацца яшчэ 5 прозвішчаў, у тым ліку былы міністр аховы навакольнага асяроддзя Георгій Філіпчук. Пры гэтым на сайце прэзідэнта Украіны адзначаюць, што прапанову вызваліць усіх 6 асуджаных унесла прэзідэнцкая Камісія ў пытаннях памілавання.

«Вітаю пастанову прэзідэнта Януковіча вызваліць Луцэнку і Філіпчука. Гэта першы, але важны крок, накіраваны на развязанне праблемы выбарчага правасуддзя», – адзначыў Штэфан Фюле, камісар у пытаннях пашырэння Еўразвязу і палітыкі добрасуседства.

Раней з просьбаю аб памілаванні Юрыя Луцэнкі да прэзідэнта звярталася ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў пытаннях правах чалавека Валерыя Луткоўская, а таксама назіральная місія Еўрапейскага парламенту.

Луцэнка ж на пачатку красавіка заявіў, што не будзе прасіць аб памілаванні. У адрозненне ад яго Георгій Філіпчук, паводле прадстаўнікоў прэс-службы ўкраінскага прэзідэнта, папрасіў Януковіча аб памілаванні асабіста.

Вымушанае памілаванне?

Пасля «аранжавай рэвалюцыі» Юрый Луцэнка двойчы ўзначальваў МУС Украіны: з 2005 да 2006 года і з 2007 да студзеня 2010 года.

27 снежні 2010-га яго арыштавалі паводле абвінавачання ў незаконным афармленні на працу ў МУС ды ў парушэннях, звязаных з прадастаўленнем кватэры і налічэннем пенсіі свайму былому кіроўцу.



На думку шмат каго з назіральнікаў, працэс над Юрыем Луцэнкам – кіраўніком апазіцыйнай партыі «Народная самаабарона» – быў палітычна матываваным, а яго памілаванне стала вынікам ціску міжнароднай супольнасці.

Лукашэнка пакуль не бачыць “перніка”

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што ўлады Украіны бясспрэчна вызвалілі палітвязняў пад ціскам Еўрапейскага Звязу: «Паміж Кіевам і Бруселем рыхтуецца важнае пагадненне аб асацыяцыі ды зоне свабоднага гандлю, якое мусіць падпісацца восенню на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні, таму ўкраінскія ўлады ідуць насустрач патрабаванням Еўропы».

Улады ж Беларусі не вызваляюць палітвязняў, паводле эксперта, бо не бачаць вартага «перніка», каб адмаўляцца ад «козыра» ў сваіх руках. Такім «пернікам» для Лукашэнкі можа быць чарговы валютны крэдыт, адмова ад санкцыяў у дачыненні Беларусі або дазвол асабіста прысутнічаць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

М.Я., belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў