Папа Рымскі: Святароў-педафілаў трэба караць


Кіраўнік Каталіцкага Касцёлу заклікаў да рашучых дзеянняў у барацьбе з гвалтам і сексуальнымі дамаганнямі. Гэта была першая афіцыйная заява Папы Францішка аб праблеме педафіліі сярод святароў.



Падчас гутаркі з арцыбіскупам Гергардам Мюлерам, які ўзначальвае Кангрэгацыю дактрыны веры, кіраўнік Каталіцкага Касцёлу запатрабаваў, каб біскупы рабілі ўсё магчымае дзеля абароны няпоўнагадовых, а вінаватыя атрымалі пакаранне ў адпаведнасці з законамі.

Францішак прызнаў, што барацьба з сексуальным гвалтам над дзецьмі, выпадкі якога былі зафіксаваныя ў амерыканскіх, еўрапейскіх і аўстралійскіх епархіях, вельмі важная для Касцёлу і яго аўтарытэту. Аднак, праваабарончыя арганізацыі паставіліся да гэтых заяваў скептычна, правёўшы паралелі з аналагічнымі абяцаннямі Бэнэдыкта XVI. Пасля ўступлення на папскі пасад у 2005 годзе той абяцаў ачысціць Касцёл ад “бруду сексуальнага гвалту”, аднак пасля праваабаронцы неаднаразова абвінавачвалі яго ва ўкрывальніцтве выпадкаў гвалту і сексуальнага выкарыстання малалетніх святарамі.

Цяпер у адказ на заяву Францішка міжканфесійнае аб’яднанне пацярпелых ад гвалту SNAP патрабуе пацвердзіць гэтыя словы справаю. “Нельга блытаць словы і рэальныя дзеянні, – каментуе заяву пантыфіка прадстаўніца арганізацыі Барбара Дорыс. – Інакш мы прычынім яшчэ большы боль пацярпелым дзецям”.

М.Я., belsat.eu, паводле “Бі-Бі-Сі”

Стужка навінаў