Музей бруду. Як мыліся і якую бялізну выбіралі ў Сярэднявеччы?


Згадаць «брудныя» часы і больш даведацца пра даўнюю талерантнасць да бруду можна ў першым у Еўропе Музеі мыла і гісторыі бруду, які адчыніўся мінулай восенню ў польскім горадзе Быдгашч.

Наведванне музею пачынаецца з традыцыйнага мыцця рук у місе, якая стаіць адразу ж на ўваходзе. Далей наведвальнікаў чакае сярэднявечная лазня, купальны пакой з XIX стагоддзя з арыгінальным душам, пральныя машыны, адмысловыя калекцыі сродкаў гігіены, паказы сярэднявечнай бялізны і гэтак далей. Кожны з гасцей установы гэтаксама можа залезці ў драўляныя ночвы, панюхаць разнастайныя гатункі мыла і нават сам узяць удзел у працэсе варэння мыла.

Кім быў Заблоцкі, які зарабляў на мыле?

У музеі, між іншым, можна даведацца, адкуль узялася славутая прымаўка «зарабіць, як Заблоцкі на мыле». Нашыя польскія суседзі сцвярджаюць, што шляхціц Заблоцкі быў рэальнаю асобаю і жыў у Польшчы XVIII стагоддзя. Займаючыся вытворчасцю і гандлем мыла, Заблоцкі вырашыў завезці вялікую партыю тавару са сваёй фабрыкі ў Гданьск, змясціўшы мыла не на лодцы, а пад ёю, каб гэтак перахітрыць збіральнікаў мыта на Вісле.

Калі Заблоцкі прыплыў у Гданьск і праверыў падводныя скрынкі з мылам, то аказалася, што мыла змылася вадою і шляхціц застаўся ні з чым. Сярод беларусаў існуе свой варыянт гэтай гісторыі, паводле якога, Заблоцкі паходзіў з Вялікага княства Літоўскага і вёз мыла не ў Гданьск, а з заморскіх краінаў на радзіму.

У незвычайным музеі распавядаюць таксама, што даўней жоўтую фарбу для адзення рабілі з вушнога воску, а найбольш мікробаў, бацылаў і стафілакокаў жывуць у дробных грашовых банкнотах, якія ўжываюцца найчасцей.

Згадваецца ў музеі і французскі кароль Людовік XIV, які ў свой час выдаў загад, каб фекаліі з калідораў каралеўскага палацу ў Версалі прыбіраліся прынамсі раз на тыдзень, бо прыбіральняў там не было. Яшчэ адна з французскіх парадаў вучыла, што пазбаўляцца непрыемнага паху з-пад пахаў патрэбна з дапамогаю ружавых пялёсткаў.

Наколькі вялікаю была талерантнасць да бруду ў даўнейшыя часы?

Цікава, што даўней не мыліся не толькі бедныя людзі, але часцяком і арыстакратыя. Гэтак, каралева Іспаніі Іcабэль Кастыльская (канец XV ст.) прызналася, што мылася ўсяго 2 разы ў жыцці – пры нараджэнні і ў дзень шлюбу. Адна з французскіх прынцэсаў памерла ад вашывасці. Сярод шляхетных дамаў былі распаўсюджаныя нават адмысловыя грэбні для вычэсвання вошай і срэбраныя малаточкі, каб забіваць паразітаў.

Лічыцца, што ад каросты і дызентэрыі паміралі нават Рымскія Папы. Крыніцы падаюць гэтаксама, што некаторыя людзі адмаўляліся мыцца з хрысціянскіх пабуджэнняў, каб «прынізіць» сваю плоць і дасягнуць духоўнага ачышчэння. Ад такога зароку ў герцага Норфалка з’явіліся на целе струпы і язвы. Родзічы адмыслова напаілі герцага віном і, толькі калі той заснуў, схапілі ды памылі яго сілком.

Парфумы, якія ўзніклі ў Францыі, былі рэакцыяй на адсутнасць гігіены. Першаснаю задачаю знакамітай французскай парфумерыі было адно – маскаваць смурод нямытага цела. Прыдворныя дамы французскіх каралёў, ведаючы, што натуральны пах цела узбуджае, змазваліся, як духамі, за вушамі ды на шыі сваймі натуральнымі выдзяленнямі, каб прывабіць увагу аб’екта пажады. Пазней, аднак, гэты метад перасталі выкарыстоўваць, бо ён не апраўдаў сябе.

Пагарда да гігіены неаднаразова прыводзіла да распаўсюду ў Еўропе чумы, якую называлі «чорнай смерцю». Гэтая хвароба прывяла да гібелі шматлікіх мільёнаў людзей, пакінуўшы надзвычай трагічны след у гісторыі чалавечай цывілізацыі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў