Даваць, а не браць. Адбылася першая лекцыя «Школы практычнай палітыкі»


Ангажавацца ў валантэрства, рыхтавацца, даваць, а не браць, добра планаваць і ставіць перад сабою рэчаісныя мэты. У Варшаўскім «Калегіуме Цывітас» адбыўся першы выклад «Школы практычнай палітыкі»: працаўнік амбасады ЗША Фрэнкі Стурм (Frankie Sturm) распавёў пра арганізацыю грамадзянскай актыўнасці ў Злучаных Штатах.

«Нашую дэмакратыю захоўвае тое, што амерыканцы ўмеюць і ведаюць, як хутка і эфектыўна зарганізавацца, каб бараніць свае інтарэсы. Інакш бы, крок за крокам, ужо ніякай дэмакратыі не было б», – падкрэслівае намеснік аташэ ў пытаннях культуры амбасады ЗША ў Польшчы.

Адукацыйны праект «Школа практычнай палітыкі» распачаў «Звяз для дэмакратыі ў Беларусі», праект скіраваны на рыхтаванне лідараў грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняй Еўропы і перадусім сярод беларусаў. «Ідэя зарганізаваць такую школу ўзнікла пасля цікавых семінараў для выпускнікоў праграмы Каліноўскага, дзе польскія палітыкі распавядалі пра досвед рэформаў у Польшчы, – распавядае Анатоль Міхнавец, які цяпер ачольвае «Звяз для дэмакратыі ў Беларусі». – Мы вырашылі зарганізаваць для беларусаў такія ж карысныя сустрэчы з людзьмі, якія бралі ўдзел у гістарычных палітычных падзеях і не з кніжак ведаюць, як і што рабіць. А мы маглі б атрымаць практычныя веды і скарыстаць іх у практычным рэчышчы».

Пакуль плануецца, што лекцыі будуць адбывацца штомесяц у аўдыторыі «Калегіуму Цывітас». Пазней будзе зарганізаваная анлайн-трансляцыя.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў