Энергетычная наркаманія


Газу ў Беларусі стане больш. Прынамсі, на гэта спадзяецца кіраўніцтва краіны. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя збіраецца распачаць пошукі радовішчаў сланцавага газу – адпаведную дамову на 10 гадоў падпісалі з адною з Швейцарскіх кампаніяў.

{movie}Леанід Заіка ў “Гарачым каментары”|right|10047{/movie}

Гэтая заява супала ў часе з новаю ініцыятываю Крамля. Расея вяртаецца да планаў будовы газаправоду Ямал–Еўропа–2 праз Беларусь. Раней гэткую прапанову агучваў кіраўнік Беларусі, аднак праз высокія кошты транзіту Масква адмовілася. Цяпер жа, калі Белтрансгаз – ва ўласнасці Расеі, да гэтай ідэі вярнуліся.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, сланцавы газ можа дапамагчы Беларусі сысці ад залежнасці ад расейскага імпарту, калі яго, натуральна, знойдуць. Расея ж верыць у чысты прыродны газ, таму ў далейшай перспектыве можа на сваім кансерватызме страціць. Тым болей, што ўжо цяпер польскі бок выказваецца супраць будовы яшчэ аднаго газаправоду на іх тэрыторыі.

«Белтрансгаз цяпер цалкам ва ўласнасці Расеі. Пуцін сказаў, што гэта нашая сістэма і мы што хочам, тое і робім. І тут ён, у прынцыпе, мае рацыю. Бо мы прадалі ўсю гэтую лагістыку і, што да польскага боку, то яны ж таксама думаюць пра сваю выгаду – яны ж таксама атрымліваюць грошы за транспартаванне. Мне падаецца, што Польшча пачала гуляць на паніжэнне кошту», – мяркуе адмыслоўца.

Беларусь жа наўрад ці будзе ствараць перашкоды Маскве. Улічваючы, што сёлета Менск мусіць знайсці прыблізна $ 3 млрд для выплатаў знешніх пазыкаў, адзін расейскі крэдыт вырашыць усе патэнцыйныя непаразуменні.

«Мне падаецца, што мы не зусім правільна ставім пытанне: Беларусь набывае ў Расеі нафту за 400 $ і прадае за $ 830 пад выглядам нафтапрадуктаў, Беларусь стала намагацца зрабіць з сябе транспарцёра, праўда большасць экспарту складаюць гэтыя ж нафтапрадукты. Пытанне – калі ж мы справаю пачнем займацца? Мы ператвараемся ў нейкую ляжачую істоту, якая проста бярэ сыравіну з Расеі, а самі развучыліся працаваць і прадукаваць», – зазначае Леанід Заіка.

Паводле адмыслоўцы, улады краіны здолелі ператварыць усю краіну ў энергетычных наркаманаў. У выніку кожны такі праект толькі заганяе краіну ў яшчэ большую залежнасць ад імпарту.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў