Пуцін узгадаў ідэю будовы газаправода праз Беларусь


Расейскі прэзідэнт даручыў кіраўніку “Газпрама” Аляксею Мілеру “прапрацаваць пытанне будаўніцтва другой ніткі газапровада “Ямал-Еўропа”, які мае праходзіць праз тэрыторыю Беларусі”.

“Мы ў сувязі з “Паўночным патокам” і “Паўднёвым патокам” фактычна адмовіліся ад Ямал—Еўропа—2, — прыводзіць словы Пуціна прэс-служба Крамля. — “Паўднёвы паток”: мы ўжо практычна пачалі работы, [будаўніцтва] набірае абароты. Тым не менш я прасіў вас вярнуцца да праекта Ямал — Еўропа — 2. Ведаю, што вы актыўна прапрацоўваеце гэтае пытанне з партнёрамі. Размова ідзе аб павышэнні надзейнасці газазабеспячэння Польшчы, Славакіі, Венгрыі”.

“Але гэта, як мы разумеем, у сувязі з уводам у дзеянне “Паўночнага патоку” не можа быць поўным паўтарэннем Ямал—Еўропа—1″, — адзначыў расейскі кіраўнік.

У сваю чаргу Аляксей Мілер нагадаў, што газатранспартная сістэма Беларусі знаходзіцца ва ўласнасці расейскага манапаліста, таму гэткі варыянт, з’яўляецца максімальна эфектыўным і эканамічным для Крамля.

“Аналіз рынку паказаў, што мы маглі б арыентавацца на 15 млрд. кубічных метраў газу, — мяркуе Мілер. — І былі праведзены перамовы з нашымі венгерскімі, славацкімі і польскімі калегамі на карпаратыўным узроўні. І мы гатовы былі б пачаць распрацоўку папярэдняга тэхніка-эканамічнага абгрунтавання, пачаць перадінвестыцыйную стадыю”.

Паводле ацэнак кіраўніка “Газпрама”, газаправод можа быць скончаны нават у 2018 годзе.

Як заявіў Мілер, надзейнасць паставак ва Усходнюю Еўропу павысіцца. “І самае галоўнае, што гэта будзе стоадсоткавая надзейнасць, таму што, калі гаварыць аб пастаўках газу у Польшчу, мы будзем фактычна пастаўляць са сваёй газпромаўскай трубы на мяжы Польшчы: фактычна гэта безтранзітны варыянт”, — падкрэсліў кіраўнік кампаніі.

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне, што Расея адмовілася будаваць другую нітку газаправода Ямал—Еўропа. Цяпер, калі “Газпром” валодае 100% акцый “Белтрансгаза”, Крэмль вырашыў вярнуцца да гэтага пытання.

Паводле БелаПАН belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары