Літоўцы прапаноўваюць нанова пракласці разабраную чыгунку з Беларусі


Мэр гораду-курорту Друскенікі Рычардас Малінаўскас лічыць, што адсутнасць цягнікоў паміж дзвюма краінамі перашкаджае развіццю турызму.

Рэпартаж пра гэта падрыхтавалі аўтары праграмы «Без межаў», якая выходзіць кожныя два тыдні ў аўторак а 18.25. Усе выпускі можна прагледзець у закладцы «Нашыя праграмы».

Калісьці рэйсы з Горадні ў найбліжэйшую ўсесаюзную здраўніцу – горад Друскенікі – карысталіся вялікім попытам. Паміж гарадамі – 40 км. На курорт ехалі не толькі па мінеральную ваду і лячэбныя гразі, але і па набыткі. Сёння тут восем гатэляў, вялікі сучасны аквапарк і нават цэнтр лыжнага турызму.

Мэр Рычардас Малінаўскас. Фота belsat.euМэр Рычардас Малінаўскас. Фота belsat.euНа пачатку 2000-х чыгуначныя рэйсы паміж нашымі краінамі спыніліся: з літоўскага боку разабралі каляіну. Цягнікі палічылі занадта дарагім транспартам, які сябе не акупляе. У будынку вакзалу адчыніўся інфармацыйны турыстычны цэнтр. Мэр Друскенікаў Рычардас Малінаўскас лічыць, што адсутнасць цягнікоў паміж Літвою і Беларуссю перашкаджае развіццю турызму не толькі ў ягоным горадзе, але і ўва ўсёй краіне.

Дарэчы, з беларускага боку рэйкі засталіся ажно да самых Друскенікаў: іх праклалі яшчэ ў царскія часы. Праўда, цяпер ім патрэбная мадэрнізацыя. З літоўскага ж боку трэба будзе аднавіць 7 км чыгункі. Дзеля таго, каб узнавіць чыгуначную сувязь і памежны прапускны пункт, патрэбнае жаданне абедзвюх краінаў.

Літоўцы абмяркоўвалі нават супрацу з гарадзенскім аэрапортам, куды маглі б прылятаць турысты з Еўропы. Гэткія мары могуць ажыццявіцца, калі запрацуе малы прымежны рух. Летась дамову ратыфікаваў літоўскі бок. Цяпер – справа за беларускім.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары