Літоўцы выклікалі паліцыю на беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі


Удзельнікі беларускага патрыятычнага шэсця ў Вільні зайшлі з нацыянальнымі сцягамі на вежу Гедыміна.

З гэтай нагоды мясцовая газета «Lietuvos rytas» выбухнула крытычным артыкулам «На гары Гедыміна – змаганне са сцягамі іншых дзяржаваў». Яго аўтарка наракае, што літоўцам дагэтуль даводзіцца абараняць узняты 100 гадоў таму на вежы Гедыміна сцяг, які стаў сімвалам літоўскай дзяржаўнасці.

23 сакавіка ў Вільні адбылося шэсце, зарганізаванае ініцыятываю «Беларуская нацыянальная памяць» супольна з Таварыствам беларускай культуры ў Літве. Яно было прысвечанае ўгодкам з дня смерці Кастуся Каліноўскага.

Удзельнікі дайшлі да вежы Гедыміна і падняліся на яе з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках. Як патлумачыў паліцыі старшыня таварыства Хведар Нюнька, яны хацелі сфатаграфавацца і ніякага сімвалічнага падтэксту гэтыя дзеянні не мелі.

Кіраўнік ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец, які ўзяў удзел у шэсці, распавёў «Белсату», што паліцыю выклікалі літоўцы, якія прынялі беларусаў за палякаў і назвалі іхныя дзеянні дэманстрацыяй. Хутчэй за ўсё, кажа актывіст, мясцовыя патрыёты пераблыталі колькасць палосаў на сцягах, а польскае пытанне ў Літве, як вядома, больш балючае за беларускае. Ён дадаў, што праваахоўнікі прыехалі, калі ўдзельнікі акцыі спускаліся з вежы.

Дырэктарка філіялу Літоўскага нацыянальнага музею, які месціцца ў вежы, Біруцес Кулніцес паведаміла газеце «Lietuvos rytas», што сёлета гэта «ўжо чацвёртая спроба прадэманстраваць на вежы Гедыміна сцяг чужой дзяржавы». Двойчы гэта хацелі зрабіць палякі і двойчы – беларусы. «Сумна, што нашыя суседзі – такія… непрыхільныя», – зазначыла спадарыня Кулніцес. Яна заўважыла, што побач з вежаю хадзіць з нацыянальнымі сцягамі іншых дзяржаваў не забаронена.

Газета таксама прыводзіць словы гісторыка Кястуціса Каталінаса, які называе спробу сфатаграфавацца са сваім сцягам на вежы Гедыміна «прымітыўным патрыятызмам, які ад шавінізму адрозніваецца толькі тым, што ў ім удзельнічае невялікая група людзей».

Анатоль Міхнавец выказаў надзею, што інцыдэнт ніяк не паўплывае на далейшыя акцыі беларусаў у Літве з выкарыстаннем нацыянальнай сімволікі, забароненай у Беларусі. Адзначэнне ўгодкаў смерці Каліноўскага прайшло ў Вільні 4-ы раз.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў