Каля Менску зрабілі інсцэніроўку расстрэлаў у Катыні


У форме і са зброяй часоў Другой сусветнай вайны аматары гісторыі рэканструявалі шлях арыштаваных да месца экзекуцыі ды расстрэл.

Рашэнне ад 5 сакавіка 1940 года аб расстрэле польскіх грамадзянаў. Фота istpravda.ruРашэнне ад 5 сакавіка 1940 года аб расстрэле польскіх грамадзянаў. Фота istpravda.ruУдзельнікі паказалі кульмінацыю падзеяў красавіка–траўня 1940 года. Гэта адбылося недалёка ад месца, дзе, як мяркуе арганізатар рэканструкцыі гісторык Ігар Мельнікаў, абарваліся жыцці часткі польскіх афіцэраў з “катынскага спісу”.

У красавіку 1940-га пачаліся расстрэлы афіцэраў польскага войска і грамадзянаў Другой Рэчы Паспалітай, якія апынуліся ў савецкіх турмах і лагерах пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. Група ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Беларусы ў Войску польскім” прымеркавала да сумнай гадавіны нязвыклую акцыю – рэканструкцыю мінулых трагічных падзеяў.

Ігар Мельнікаў, кіраўнік групы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, які займаецца праблемаю беларускага катынскага спісу, вывучае лёсы асобных людзей, якія сталіся ахвярамі савецкіх рэпрэсіяў. “Мы рэканструявалі падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі, калі ў 1940-м годзе прайшла разгрузка турмаў НКУСу на захадзе краіны, і польскіх вязняў накіравалі ў турмы Менску”, – распавядае гісторык.

5 сакавіка 1940 года Палітбюро ЦК УКП(б) пастанавіла расстраляць грамадзянаў Польшчы, якія заставаліся ў лагерах і турмах НКУСу на тэрыторыі БССР і УССР. Самыя буйныя турмы былі ў Баранавічах, Беластоку, Берасці, Беразвеччы, Горадні, Лідзе, Ломжы, Пінску і Вілейцы. 22 сакавіка 1940 года Берыя падпісаў загад “Аб разгрузцы турмаў НКУС УССР і БССР”, згодна з якім 3000 вязняў з заходніх раёнаў БССР мусілі быць перавезеныя ў Менск. Далейшы лёс зняволеных пасля іх дастаўкі ў сталіцу дагэтуль невядомы, бо доступ да архіваў НКУСу ў Менску і Маскве закрыты. Гісторык Ігар Мельнікаў мяркуе, што хутчэй за ўсё вязняў закатавалі ў Курапатах, парку Чалюскінцаў ці ў іншых месцах масавых расстрэлаў каля Менску.

Гістарычная рэканструкцыя катынскіх падзеяў у Беларусі рабілася ўпершыню. Ігар Мельнікаў мяркуе, што гэта вельмі дзейсны шлях рэпрэзентацыі гісторыі: “Рэканструкцыя – гэта ажыўленне гісторыі. Гэта зусім іншае ўспрыняцце, калі глядзіш на жывыя, зробленыя сёння фотаздымкі, чым калі слухаеш ці чытаеш тэкст”.

Гісторык падзяліўся, што ён сабраў багаты і цікавы матэрыял наконт катынскай справы і што наступным крокам можа быць дакументальны фільм, прысвечаны беларускаму катынскаму спісу: “Нашаю мэтаю было наблізіць да беларусаў маштаб той трагедыі ды паказаць, што яна не чужая для Беларусі, – распавядае спадар Мельнікаў. – Бо тады расстрэльвалі не толькі этнічных палякаў, але і нашых суайчыннікаў. Імперцы і заходнерусы спрабуюць даказаць, што гэта толькі польская справа. Мы імкнемся паказаць тыя жудасныя падзеі гэтак, каб беларускае грамадства зразумела, што гэта і нашая трагедыя”.

Гэткай жа думкі прытрымліваецца гісторык і Ігар Кузняцоў, які ёсць таксама каардынатарам беларускага аддзялення Міжнароднага аб’яднання “Мемарыял”. Ён зазначае, што сярод катынскіх ахвяраў магло быць нават 30–40 % беларусаў: “А ў беларускім спісе гэты адсотак будзе яшчэ вышэйшы. Увогуле я б не стаў лічыць, каго было болей – палякаў ці беларусаў. Гэта агульная трагедыя польскага і беларускага народаў”.

На думку адмыслоўца, сёння ў Беларусі ў параўнанні з пачаткам 90-х гадоў аб праблеме рэпрэсіяў гаворыцца недаравальна мала: “З кожным днём у актыўнае жыццё ўступае моладзь, якая не чытала публікацыяў пачатку 90-х гадоў. Таму я мяркую, што гэтая тэма актуальная заўсёды, і пра яе трэба казаць і нагадваць насуперак уладам, якія з незразумелай прычыны хлусяць, быццам у Беларусі былі толькі транзітныя пункты, з якіх арыштаваных накіроўвалі ў Расею ці Украіну і там расстрэльвалі, а Беларусь у гэтым плане – чысцюткая краіна”.

Напрыканцы лютага гэтага года Цэнтрам расейска-польскага дыялогу апублікавалі фрагмент рэканструяванага польскімі даследчыкамі беларускага катынскага спісу, у якім – прозвішчы 98 асобаў, праўдападобна знішчаных у беларускіх турмах 73 гады таму.

Поўны беларускі катынскі спіс дагэтуль застаецца невядомым і змяшчае не менш за 3870 імёнаў польскіх грамадзянаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ўвесну 1940 года.

Марына Маўчанава, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары