На гарадзенскіх замкавых горах утвараюцца небяспечныя апоўзні (фота)


«Магчыма, не цалкам, але часткова мы можам страціць Стары і Новы замкі», – непакояцца краязнаўцы.

Пасля таго, як сышоў снег, прасеўшую глебу відаць няўзброеным вокам. На помніку гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі – замчышчы Старога замку ў Горадні – грунт спаўзае ў некалькіх месцах. На суседняй гары апоўзень разросся на палову вышыні самога ўзвышша.

«Апоўзень упіраецца ў бетонную падпорку, – распавядае краязнаўца Віктар Саяпін. – Умацаванне паставілі ў пачатку 30-х гадоў, пасля абвалу крыла Новага замку. Сёння канструкцыя разбураецца».

Высокатэхналагічныя даследаванні на схілах замкавых гор не вяліся, кажа гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Адмыслоўцы засяродзілі ўвагу на ўзвышшы, дзе стаіць Каложская царква.

«Гэта пытанне вялікай грамадскай важнасці, – лічыць Ігар Трусаў. – Але калі яго будзе ўздымаць грамадскасць, улады патрактуюць гэта як палітычную з’яву. Па замкавых горах неабходна заданне ад ураду, каб прафесіяналы і дзяржава шукалі шляхі вырашэння праблемы. Чыста тэхналагічна сёння гэта зрабіць рэальна».

Начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі кажа, што першыя, хто мусіць рэагаваць на гэтую праблему – адказныя чыноўнікі з гарадскога і абласнога аддзелаў культуры.

«Усё ж я магу чагосьці не ведаць, што адбываецца ў Горадні, – заўважыў Ігар Чарняўскі. – На маёй памяці па дазвол на правядзенне работ, у тым ліку геалагічных, на схілах узвышшаў у Міністэрства культуры ніхто не звяртаўся».

Як ратавалі замкавыя горы раней?

Прасадка глебы на замчышчах – натуральны геадэзічны працэс, які ідзе з XV–XVI стагоддзяў. Краязнаўца Віктар Саяпін даследуе, як вырашалі гэтую праблему гарадскія ўлады ў розныя часы.

Бадай, апошнія грунтоўныя захады для ўмацавання замкавых гор прымаліся ў 1946 годзе. Тагачасны «План дрэванасаджэнняў па горадзе Гродна» прадугледжваў пасадку 200 дрэваў у раёне гэтак званай «лесвіцы закаханых» і на самой гары, яшчэ 160 – на Старазамкавай вуліцы, 600 – на набярэжнай правага берагу Нёмна. Азеляненне працягвалася ў 1950–1960 гады.

«У выніку актыўнай працы для азелянення замкавых пагоркаў і набярэжнай гэты куток пераўтварыўся ў любімае месца адпачынку гараджан, – сцвярджае Віктар Саяпін ў адным са сваіх артыкулаў. – Але, перш за ўсё, на дзясяткі гадоў знікла праблема апоўзняў схілаў замкавых пагоркаў». Аднак кусты і дрэвы высеклі ў 2005 годзе.

Калі Горадня ўваходзіла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай, замкавымі схіламі апекаваліся адмысловыя камісіі. У 1926 годзе старшыня гарадской рады склікаў прадстаўнікоў вайсковай і магістрацкай уладаў. Праблема прасадкі глебаў на гістарычных горах не сыходзіла са старонак тагачаснай мясцовай прэсы.

«З вялікай радасцю можам паведаміць пра факт праяўлення інтарэсу нашымі ўладамі да стану грамадскай бяспекі, – пісала 9 траўня 1926 года газета «Nowy dziennik Kresowy». – Інтарэс узнік у выніку абрушэння часткі схілу гары Новага замку ў сувязі з няправільна пракладзенай каналізацыяй. Сёння ўжо прызналі, што стан абедзвюх гор – Старога і Новага замкаў – пагражае катастрофаю. Адбылося паседжанне камісіі ў складзе: віцэ-прэзідэнта гораду сп. Цыдзіка, лаўніка магістрату сп. Савіцкага, раднага сп. Цытажынскага, гарадскога інжынера Раманава і павятовага архітэктара Дубовіка. Камісія ўстанавіла, што схіл гары з самага верху і да яе падножжа з боку ракі асыпаўся у Нёман, утварыўшы роў шырынёю 10 метраў і глыбінёю 6 метраў».

Сёння – 160 гадоў, як частка Каложскай царквы абвалілася ў Нёман.

«…У ноч з 1 на 2 красавіка ракавога для Каложы 1853 года ўся паўднёвая сцяна царквы цягам 5 сажняў і частка заходняй сцяны франтавой цягам сажня з усім фундаментам рухнулі ў моцныя воды Нёмна, і імі захопленыя, бурліва разнесеныя плынню», – апісваў падзеі Мітрапаліт Літоўскі Іосіф. Схіл царквы перманентна падмывала вадою. Паводле афіцыйнага сайту Каложы, вырашальнаю ў лёсе святыні стала плаціна на супрацьлеглым беразе Нёмна. Яе запусціў лесапрамысловец. Рэчышча ракі змянілася, воды рынулі ў бок Каложы – старажытныя сцены не вытрымалі.

Сучасны выгляд Каложа набыла пасля аднаўленчых прац у 1896–1906 гадах. У 2010 годзе, пасля аб’яўлення акцыі «Адновім Каложу разам!» у Горадні прайшлі адкрытыя грамадскія слуханні ў праблеме рэканструкцыі царквы. Група гісторыкаў звярнулася ў Міністэрства культуры са сваймі сумневамі ў мэтазгоднасці ды рэальнасці рэканструкцыі старажытнай святыні. Гісторыкі сцвярджаюць, што сёння мы занадта мала ведаем пра геалагічны стан гары. У сваім адказе чыноўнікі запэўнілі, што «з мэтаю выключэння пагрозы абрушэння Каложскага пагорку і царквы ад павадкаў прынялі шэраг мерапрыемстваў». Ігар Чарняўскі ў размове з «Белсатам» распавёў, што ўмацавальныя працы праводзіліся ў 2003–2004 гадах. Паводле звестак маячкоў, сітуацыя са схілам стабілізавалася.

Віктар Саяпін ўзгадвае праект умацавання схілаў Замкавай гары 1924 года. План распрацаваў заснавальнік гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музею Юзаф Ядкоўскі. Паводле яго, спускі гары мусяць абапірацца на гранітны бульвар. Прастору паміж схіламі неабходна запоўніць зямлёю і высадзіць адмысловыя кусты. Зеляніна будзе ўмацоўваць верхні пласт глебы.

З прычыны фінансавых цяжкасцяў праект пачынаюць выконваць толькі ў 1928–1929 гадах. Тады ля падножжа замкавых гораў з’явілася каменная набярэжная. З 1928 года над умацаваннем схілаў працуе замкавы кураторыюм. Яго ачольваў генерал Клеберг: Новы замак быў базаю войска. Сістэматычна пад назіраннем Юзафа Ядкоўскага кураторыюм зарганізуе працы для ўмацавання і кансервацыі гістарычных гор. У 1931 годзе пад Новым замкам будуюць падпорную сцяну.

Адмысловая група адказных за бяспечны стан схілаў працавала і за царскім часам. У яе ўваходзілі вайсковы інжынер, паліцмайстар і прадстаўнікі губернскай дарожнай і будаўнічай камісіі. У 1864 годзе камісія складае акт аб наступствах паводкі з прычыны моцнага ліўня і прапаноўвае, як можна прадухіліць апоўзні на будучыню: адмысловы калодзеж для сцёку вады, канавы з булыжніку і пасадкі вярбы ды акацыі як натуральнае ўмацаванне верхніх пластоў грунту.

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў упэўнена называе яшчэ ранейшыя прыклады ўмацавання замкавых гор. На гравюры Томаша Макоўскага 1600 года відаць драўляныя брусы ўздоўж берагу і набярэжную. Гравюра Мацвея Цюндта 1568 года паказвае высаджаныя дрэвы ля падножжа гор.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў