Гагарын і Марцін Лютэр Кінг на фрэсках побач з Хрыстом


На столі польскага касцёлу ў Хойнаве намаляваныя ўнікальныя фрэскі. Крыжовы шлях Ісуса адаптавалі да традыцыі сацрэалізму.

Фрэскі стварыў у 1960 годзе мастак Пётр Врублеўскі, які замяніў рымскіх жаўнераў побач з Хрыстом на савецкіх вайскоўцаў, а апосталаў апрануў у сучасныя строі ды змясціў сярод іх людзей усіх нацыянальнасцяў і колеру скуры. Паводле задумы аўтара, адзін з іх рэпрэзентуе амерыканскага змагара за правы цемнаскурых Марціна Лютэра Кінґа.

Больш за паўстагоддзя сацрэалістычныя фрэскі не перашкаджалі ні вернікам, ні ксяндзам. Аднак сёлета вікарый мясцовай парафіі Марэк Асмульскі прыгледзеўся да твораў савецкага мастака і прыйшоў да высновы, што ім не месца ў касцёле. Святар збіраецца намаляваць слушныя, набожныя фрэскі.

{movie}У польскім касцёле хочуць замаляваць фрэскі з Гагарыным|right|9990{/movie}

“Ну, вядома, што гэта мае выключную мастацкую каштоўнасць, але не месца гэтаму твору ў касцёле, і дзесьці ў нейкім музеі або галерэі гэта магло б спакойна стаяць. Таксама парушаныя каноны крыжовага шляху – літургійныя і кананічныя. З’яўляюцца постаці, якія не былі прысутныя падчас гэтага шляху Хрыста”, – абураецца вікарый.

На шчасце, акурат сёлета мінуў тэрмін, пасля сканчэння якога твор можа лічыцца гістарычнаю каштоўнасцю ў Польшчы. З гэтай нагоды вельмі цешыцца рэстаўратар царкоўных рэліквіяў Здзіслаў Кужэя: “Гэта ж своеасаблівы дакумент! Запісаны фарбамі, а не літарамі. Мы мусім цаніць тое, што ён датрываў да нашых часоў. Неяк ніхто ж не выкідае старыя дзённікі, а чытае іх з пільнаю ўвагаю, бо гэта яны ёсць крыніцаю ведаў пра чалавека”.

Лічыцца, што толькі дзякуючы такому злучэнню сакральнага і сацрэалістычнага ў савецкія часы касцёл увогуле быў упрыгожаны ўнутры. Цяпер жа лёс фрэскі залежыць ад Міністэрства культуры Польшчы.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў