«Судовая і выбарчая сістэмы ў Беларусі – незалежныя» – першакрасавіцкі жарт Макея


Міністра замежных справаў Беларусі абурае, што ў «чорным спісе» Еўразвязу, апроч чыноўнікаў, – некаторыя суддзі, працаўнікі дзяржаўных медыяў ды чальцы выбарчых камісіяў.

«Гэтыя спісы ў маім разуменні – абсалютная сумесь абсурду і выдумак. Зразумела, што без ліквідацыі гэтай праблемы з парадку дня нашых адносінаў з Еўрапейскім саюзам, напэўна, руху наперад не будзе», – заявіў чыноўнік у інтэрв’ю «РИА Новости».

«Вы ведаеце, не я вынайшаў фразу «Вы або аддаляецеся ад Расеі ды набліжайцеся да Еўразвязу, або аддаляецеся ад ЕЗ і набліжаецеся да Расеі”. Мы не хацелі б ні ад каго аддаляцца. Мы хацелі б мець роўнанабліжаныя адносіны з усімі нашымі партнёрамі. Хто акружае нашу краіну – не мае значэння: Усход, Захад, Поўнач, Поўдзень. Але хацелі б, каб нас паважалі, а не дэманізавалі, як гэта адбываецца цяпер. За самае дробнае нейкае парушэнне нас літаральна ўтоптваюць у бруд», – адказаў Уладзімір Макей на пытанне, якімі б ён хацеў бачыць ідэальныя стасункі Беларусі ды ЕЗ.

Цяпер у «чорным спісе» ЕЗ – больш як 200 асобаў, у тым ліку сам Уладзімір Макей, які ў 2010 годзе кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта. У лютым 2012 года ў спіс трапіў дадаткова 21 чыноўнік, у асноўным суддзі, якія выносілі прысуды ўдзельнікам Плошчы-2010 ды іншых мірных акцыяў пратэсту.

М.Л., паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары