Гомельскія ўлады адмовіліся ад будаўніцтва шматпавярховіку на вуліцы Валгаградскай пасля пратэстаў мясцовых жыхароў. Ініцыятыўная група, якая збірала подпісы, атрымала адказ ад уладаў наконт «немэтазгоднасці рэалізацыі гэтага праекту».
10-павярховы жылы дом з офіснымі памяшканнямі меўся паўстаць на вуліцы Валгаградскай у Савецкім раёне, у квартале, дзе з 1964 года гамяльчане жывуць у пяціпавярховых дамах-хрушчоўках. Жыхары сямі прылеглых дамоў абурыліся гэтым фактам, сабралі больш як 300 подпісаў пад зваротам супраць будаўніцтва. Паводле жыхароў мікрараёну, у дамах не праводзіўся капітальны рамонт, няма дзіцячай пляцоўкі, шмат іншых камунальных праблемаў, а яшчэ забіраюць двор і будуюць шматпавярховік.
30 сакавіка жыхары вуліцы Валгаградскай атрымалі адказ з упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму аб тым, што будаўніцтва прызналі немэтазгодным на падставе пратаколу, падпісанага камісіяй па выніках грамадскага абмеркавання.
Жыхары дамоў заявілі, што задаволеныя адказам і сваёй перамогаю ў гэтым канфлікце. Паводле іх, будаўніцтва тут сапраўды немэтазгоднае, бо знішчылі б апошнія зялёныя насаджэнні, знікла б невялікая дзіцячая пляцоўка, аўтаўладальнікі пазбавіліся б паркоўкі, значна пагоршылася б экалогія. На думку жыхароў, наўрад ці ДАІ і санітарны нагляд далі б дазвол на будаўніцтва дома.
Разам з тым жыхары падкрэсліваюць, што пытанне з капітальным рамонтам іхных дамоў застаецца адкрытым.
«Гэта выдатны прыклад, калі грамадзяне самаарганізаваліся, сабралі подпісы супраць будаўніцтва дому. Кампанія «Гавары праўду!» дапамагла толькі невялікімі юрыдычнымі кансультацыямі, перапіску з уладамі гэтаксама арганізавалі самі жыхары. Разам з тым некаторыя жыхары гэтых дамоў даведаліся аб праблеме толькі пасля таго, як інфармацыя з’явілася ў незалежных медыях і таксама абурыліся планамі ўшчыльнення двара», – паведаміў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Валерый Сляпухін.
Алена Германовіч, БелаПАН