Дабрачыннасць? Калі ласка!


Менш за тыдзень засталося да адкрыцця першай ў Беларусі крамы дабрачыннасці. Цяжка паверыць, але заснавалі “Kalilaska” тры крохкія дзяўчыны – Алеся Пчолка, Вольга Качура і Аня Леванкова, якія не збіраюцца адлічваць сабе ні капейкі заробку.

Усе прыбыткі ад продажу рэчаў пойдуць на аплату арэнды памяшкання, камунальных рахункаў, а ў будучыні – на ўтрыманне прадаўца. Дзеля гэтага і ствараецца ўласна крама.Такі прынцып працы ёсць адаптаванаю схемай да беларускіх рэаліяў. На жаль, у адрозненне ад еўрапейскіх краінаў, дабрачынныя арганізацыі ў нас не маюць падаткавых ці арэндных палёгак.



Шлях першапраходца

Задума стварыць дабрачынную ўстанову ўзнікла ў Алесі Пчолкі: “Я часта перабірала сваю шафу і знаходзіла шмат непатрэбных рэчаў. Яны былі ў добрым стане, але не цікавілі ні мяне, ні маіх знаёмых. Тады я паглядзела шырэй: у менскіх сэканд- хэндах прадаецца вопратка толькі з Еўропы. Куды ж тады трапляе ўся нашая абрыдлая вопратка? Нашыя людзі таксама набываюць шмат рэчаў, адпаведна, ад многага пазбаўляюцца. Таму я ўсур’ёз задумалася, чаму б не стварыць у Менску дабрачынную краму, якія даказалі сваю карысць ва ўсім свеце”.

У Беларусі ўжо рабіліся спробы гандлю мясцовым сэканд-хэндам, аднак функцыянавалі яны праз Сеціва, таму не сталі ўдалымі. “З-за спецыфікі Інтэрнэту вельмі складана абраць б/с рэч па выяве, не патрымаўшы у руках. Тым больш, такім крамам нельга было ахвяраваць рэчы,” – кажа Оля Качура.

Дзяўчыны арандавалі памяшканне для крамы ў менскім крэатыўным кластэры “МЕ100”, абсталяванага ў цэху завода “Белвар”. Дзеля прамоцыі крамы ў “МЕ100” будуць ладзіцца культурныя мерапрыемствы і майстар-класы. Уваходны квіток – рэч, патрэбная ў пэўнай арганізацыі. Напрыклад, калі адбываецца канцэрт у дапамогу начлежкі, можна прынесці кубак, калі у дапамогу інвалідам – сурвэткі і інш.

Не кошык для смецця

Ад 5 красавіка дзяўчаты адкрыюць першы беларускі чэрыці-шоп і пачнуць прымаць непатрэбныя, але дыхтоўныя рэчы і вопратку. Аднак заснавальніцы вельмі просяць не прыносіць брудных, непрыдатных, сапсаваных рэчаў, якія вартыя толькі сметніцы.

“Мы заклікаем усіх памятаць, што вы не выкідаеце рэч, а перадаеце яе ў карыстанне іншаму, − кажа Аня Леванкова.Часам мы чуем, што чалавек у патрэбе мусіць быць удзячны за любую вопратку, нават калі на ёй няма гузіка. Аднак трэба памятаць, што шмат рэчаў атрымаюць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Уявіце, ці лёгка чалавеку без рукі прышыць гузік альбо чалавеку на вазку здаць нешта ў рамонт. Таму калі вы маеце дзве рукі і дзве нагі, для вас не складзе цяжкасцяў прывесці рэч у належны стан. Паважайма людзей, якім мы будзем перадаваць рэчы!”

Каля 80% атрыманых рэчаў будзе перадавацца дабрачынным арганізацыям. Цяпер у “Kalilaska” ёсць дамовы з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, з Домам начнога знаходжання для людзей без пэўнага месца жыхарства, а таксама з таварыствам аховы жывёлаў “Эгіда”.

Вопратка на продаж будзе каштаваць максімальна br 100 тысяч, а прадметы мастацтва, вырабы ручной працы ды

У “Kalilaska” прымаюць: “Нямодныя” вопратку і абутак у добрым стане, рэчы для немаўлятаў, кнігі (акрамя падручнікаў, дэтэктываў). ручнікі, пасцельную бялізну, аздабленні і цацкі, харчы для жывелёў і інш.

У “Kalilaska” НЕ прымаюць: Відэа і аўдыёкасеты, лямпавыя маніторы, сістэмныя блокі, мягкія цацкі, пазлы, дзіцячае харчаванне, лекі, панчохі, шкарпэткі, ніжнюю бялізну – Старыя шубы і паліто і інш.

іншыя каштоўныя рэчы – не больш за br 200 тысяч.

Улічаны і “вопраткавы менталітэт” беларусаў. На думку Вольгі, нашыя людзі аддаюць перавагу нестандартным рэчам. Многія любяць апранацца яскрава, адпаведныя рэчы і будуць абірацца для гандлёвых паліцаў.

Гаспадыні “Kalilaska”

У кожнай з дзеўчын ёсць асноўны занятак, якім яны зарабляюць на жыццё. “У вольны ад працы час, у які большасць людзей адпачывае, мы займаемся крамаю “Kalilaska”, − жартуюць яны.

Усе трое цікавяцца ці прафесійна займаюцца фатаграфіяй. Вольга працуе ў сферы рэкламы. Алеся гадуе дзіця. А Аня захапляецца вандроўкамі.



Патрэбныя памочнікі

Асаблівасцю Беларусі ёсць неразвітая з’ява валанцёрства, дармовай працы, у той час як у еўрапейскіх чэрыці-шопах працуюць без аплаты. Але заснавальніцы не выключаюць, што валанцёры знойдуцца і ў Менску. “Калі да нас далучацца ахвочыя, мы будзем ім вельмі радыя, таму што нам ужо цяпер не хапае рук , страшна падумаць, што будзе пасля адкрыцця,” – кажа Аня.

“Акрамя таго, у нас няма няма машыны,” – дадае Алеся. – “Мы былі б радыя кіроўцу, гатоваму вылучыць 2-3 гадзіны на тыдзень, каб дапамагчы з перавозкай рэчаў у дабрачынныя арганізацыі”. А пакуль дзяўчаты транспартуюць неабходнае для крамы літаральна на спіне, карыстаючыся грамадскім транспартам.

Першы feedback

Навіна пра заснаванне беларускага чэрыці-шопа падзяліла беларускі сегмент Інтэрнэту. Большасць станоўча адрэагавала на ідэю, да суполкі ў сацыяльнай сетцы далучылася амаль 10 тысяч асобаў. З іншага боку, як сведчыць частка каментароў, у многіх людзей праект выклікае недавер і непаразуменне.

“Нас вінавацяць у намеры пажывіцца, не жадаючы верыць, што можна проста дапамагаць. Мы хочам прывучыць беларусаў да думкі, што дзяліцца – гэта цалкам нармалёва,”− тлумачыць Вольга.

У сферы дабрачыннасці законы дзейнасці супрацьлеглыя стандартам вядзення бізнэсу. Дзяўчаты не імкнуцца будаваць манаполію, а наадварот чакаюць з’яўлення аналагічных крамаў у іншых беларускіх гарадах і гатовыя ім дапамагаць.

“Kalilaska” знаходзіцца па адрасе пр. Незалежнасці 58/6, 2 паверх. Падрабязнейшую інфармацыю пра працу крамы шукайце тут

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў