Максім Жбанкоў: Да тэатру падыходзяць, як да калгасу


https://youtu.be/kg11sxFKpfI
Учора, пасля дзесяцігадовага перапынку, Лукашэнка наведаў спектакль. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы кіраўнік краіны паглядзеў “Паўлінку”, а пасля дозы высокай культуры – падзяліўся з акторамі ды кіраўніцтвам Купалаўскага сваймі думкамі пра будучыню ўстановы.

“Сёння гэта не самаакупная арганізацыя
, – трапна заўважыў Лукашэнка і працягнуў: Трэба зарабляць грошы. Мы вам дапаможам, але нейкую долю вы мусіце зарабіць самі. Падумаем, як вас падтрымаць. Але каб не атрымалася гэтак, як са спартоўцамі, якія за дрэнную гульню атрымлівалі вялікія грошы”.

Кіраўнік краіны таксама заклікаў распрацаваць крытэрыі, у адпаведнасці з якімі найбольш заслужаныя артысты будуць атрымліваць грашовыя заахвочванні ды гранты. “Гатовыя, як на Захадзе, у вольнае плаванне?” – цытуе Лукашэнку БелТА. На жаль, адказу тэатралаў не паведамляецца.
{movie}Максім Жбанкоў пра самаакупаймасць тэатраў|right|9972{/movie}
Культуролаг Максім Жбанкоў звяртае ўвагу на тое, што ўстановы такой культурніцкай вагі, як Нацыянальны акадэмічны тэатр, проста не могуць быць самаакупныя. Рэч не толькі ў вялікай колькасці адмыслоўцаў і актораў, што ствараюць прадукт нацыянальнага культурніцкага значэння і мусяць мець адпаведную аплату. Зарабляць – гэта значыць падладоўвацца пад густы спажывальніка, чаго Купалаўскі тэатр рабіць не мусіць. Паводле адмыслоўца, установа мае трымаць традыцыю, як тэатральную, гэтак і культурную.

“Мне падаецца, што пытанні культуры для наяўнай улады другасныя і не надта зразумелыя. Да тэатру падыходзяць, як да калгасу. Штосьці вы дрэнна працуеце, трэба лепш працаваць. А для тэатру “лепш працаваць” – гэта што? Гэта як? Ніхто гэтага не кажа. Больш за тое, пытанне гэтага “паскарэння” звязанае з фатальнай адсутнасцю грошай у дзяржбюджэце. Культура ў нашай краіне існуе, як кажуць, паводле астаткавага прынцыпу. І патрабаваць, каб гэтыя рэшткі пачалі лепш працаваць, – трошкі смешна. Яны і гэтак робяць усё магчымае, а здаецца, і немагчымае”, – кажа Максім Жбанкоў.

Магчыма, каб кіраўнік Беларусі паспрабаваў дыстанцыявацца ад свайго досведу кіравання калгасам і паглядзеў на гаспадарніцкія праблемы краіны, не толькі культурніцкія, пад іншым вуглом, сітуацыя выглядала б інакш. Пакуль жа не толькі да тэатраў стаўленне, як да калгасаў. Уся мадэрнізацыя, узнятая апошнім часам, таксама кажа пра неабходнасць “працаваць лепш і вырабляць болей”. На жаль, як і з Купалаўскім тэатрам, адказаў на пытанне “якім чынам?”, з вуснаў мадэрнізатараў не гучыць.

У.Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары