Папа Францішак паспеў стаць кінагероем


Стужку пачнуць распаўсюджваць на DVD як дадатак да аўторкавага нумару галоўнай італьянскай газеты «Corriere della sera».

50-хвілінны дакументальны фільм «Францішак – абранне Папы з краю зямлі» («Francesco – elezione di un Papa che viene dalla fine del mondo») створаны Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам у супрацы з кампаніяй «Officina della Comunicazione» і газетаю «Corriere della sera». Стужка распавядае пра падзеі, звязаныя з абраннем кардынала Хорхэ Мар’ё Бэрґольё на пасад св. Пятра.

Гэта гісторыя пра тое, як сышоў з пасады Бэнэдыкт XVI, шрубалётам пакінуўшы Ватыкан, як адбываўся канклаў і пра момант абрання новага Папы. Дакументальная хроніка дапаўняецца музыкаю ды не публікаванымі раней інтэрв’ю з 4 кардыналамі – Анджэлём Камастры, Оскарам Марад’яґам, Джанфранкам Равазі і Анджэлём Саданам, якія пракаментавалі галоўныя этапы, звязаныя з выбарам новага Пантыфіка. Сканчаецца фільм сустрэчаю Папы Францішка і Бэнэдыкта XVI у летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Ґандольфе.

Набываючы нумар газеты з дыскам (у якасці HD), трэба даплаціць 10,90 еўраў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu,
з выкарыстаннем матэрыялу Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё