Родныя Анатоля Лябедзькі атрымалі другі ліст ад вязня


“У мяне ўсё нармальна, здаровы, – піша Анатоль Лябедзька. – Чытаю Булгакава, Маркеса. Што датычыць будучыні, то вы ведаеце, што я аптыміст. Быў ім i застаюся. Не навіна для вас, што з адвакатам камунікацыі няма з мінулага года. Усім мае найлепшыя i шчырыя прывітанні. Штодня ў супе лаўровы лісток, гэта значыць, пра мяне памятаюць!”

Сын палітыка Арцём Лябедзька паведаміў, што ў лісце бацька таксама адзначае, што атрымлівае перадачы, турбуецца за здароўе бацькоў, просіць перадаць цёплыя рэчы.

“Наогул настрой ліста даволі аптымістычны, наколькі гэта можа быць у такой сітуацыі, – сказаў Арцём Лябедзька. – Адзінае, што засмучае, гэта тое, што нашых лістоў ён па-ранейшаму не атрымлівае”.

Нагадаем, Анатоля Лябедзьку і яшчэ 35 чалавек вінавацяць ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску вечарам 19 снежня (арт. 293 Крымінальнага Кодэксу). Палітыка затрымалі ў Менску ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары