Пісьменнік з Беларусі зняў "амаральны" фільм пра жыццё ў постсавецкіх гарадах


У Маскве адбылася прэм’ера небюджэтнага фільму “Дзясятка” аўтарства пісьменніка Уладзіміра Казлова. Хоць кіно і здымалі ў Чэлябінску, дзеянне аповесці, паводле якой напісаны сцэнар, адбываецца ў родным празаіку Магілёве.

“Белсат” наведаў паказ, дзе фільм прэзентаваў аўтар. Адна з глядачак налічыла, што слова “чарнажопы” паўтараецца ў фільме 15 разоў. 2 персанажы размаўляюць выключна матам, адзіная гісторыя “поспеху” у стужцы – дзяўчына, якой “пашчасціла” займацца эскорт-паслугамі ў Маскве. Сканчаецца ўсё раптоўнаю ды бессэнсоўнаю смерцю галоўнага героя, якую можна ў пэўным сэнсе лічыць хэпі-эндам…

{movie}”Десятка”: трэйлер|right|9936{/movie}

“Я ўзяў максімальна складаную ды трагічную сітуацыю, скрайні выпадак. Але вялізная колькасць людзей жыве ў вельмі падобнай сітуацыі. Мы жывем у постсавецкай рэчаіснасці, якая сфармавалася ў 90-я і з тых часоў істотна не змянялася. Яна дэзарыентуе, шмат хто ў ёй не мае ідэяў, як жыць і да чаго імкнуцца”, – тлумачыць Уладзімір Казлоў.

Галоўны герой аповесці нарадзіўся ў Магілёве, а герой фільму – у Чэлябінску. Гарады лёгка замяняюцца без страты антуражу, бо, як пагаджаецца Уладзімір Казлоў, гісторыя магла здарыцца ў любым горадзе на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Галоўны герой – Валера – мог зрабіць кар’еру футбаліста, але атрымаў траўму, якая не дала рэалізаваць мары. Пасля ён трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю.

Фільм назвалі “Дзясятка”, бо ў куміра галоўнага героя – Андрэя Аршавіна – дзясяты нумар у камандзе. Здымалі стужку сіламі чэлябінскіх актораў і аператараў, якія зарабляюць на жыццё здымкамі вяселляў. Праца заняла ўсяго 8 дзён. Пост-прадакшан (апрацоўванне відэа, рэдагаванне, мантаж, агучванне) зацягнуўся на год.

Ідэя праекту належыць Яўгену Графаву, які і стаў прадзюсарам. Вырашальнымі для здымачнага працэсу апынуліся дзве рэчы. Па-першае, творчы калектыў выкарыстоўваў камеры “Canon 5D” і “Canon 7D”, што давала годную якасць відэа і велічэзную эканомію сродкаў. Па-другое, большая частка каманды сабралася праз сацсеткі: кастынг, пошук месцаў для здымкаў, валантэрская дапамога. Выканаўца галоўнай ролі – Цімафей Якавец – таксама знайшоўся праз сацсетку. Ён, як і 80 % актораў, не меў раней нічога агульнага ні з кіно, ні з тэатрам.

“Прафесійныя акторы выглядалі б ненатуральна. А было важна, каб героі былі простымі хлопцамі са звычайнага жыцця, – тлумачыць аўтар стужкі. – Я не намагаўся іх “увесці” ў характары. Вельмі шмат дыялогаў атрымаліся імправізаванымі, бо яны не вучылі сваіх роляў на памяць.

Зняць без бюджэту можна паводле не кожнага сцэнара: “Адназначна прыбіраем усе варыянты рэканструкцыі мінулага – гэта будзе выглядаць у найлепшым выпадку па-аматарску. Таксама фэнтэзі ды экшн з аўтамабільнымі пагонямі і перакуленымі аўтамі. Застаецца драма, камедыя, меладрама”.

“Дзясятка” – дэбютны мастацкі фільм Уладзіміра Казлова. Але ён ужо мае планы на экранізацыю свайго раману “Дамоў”.

Што да ацэнак “Дзясяткі”, то яго паспелі ўжо назваць прапагандаю амаральнага ладу жыцця. Што не замінала журы фестывалю кінадэбютаў “Дух агня” прысудзіць фільму месяц таму бронзавую ўзнагароду. Фільм мае англійскія субтытры і яго ўжо адаслалі на шэраг еўрапейскіх фестываляў, неўзабаве выкладуць у сеціва.

Аліна Радачынская, АК, belsat.eu

Стужка навінаў