Лукашэнка наведае тэатр упершыню за 10 гадоў


Кіраўнік краіны 29 сакавіка возьме ўдзел у VIP-паказе «Паўлінкі» на адкрыцці Купалаўскага тэатру. Апошні раз Аляксандр Лукашэнка быў у тэатры каля 10 гадоў таму на пастаноўцы “Князя Вітаўта”.

Папярэдні культурны выхад кіраўніка краіны быў таксама ў Купалаўскі тэатр і адбыўся восенню 2002 года. Ролю князя Вітаўта тады выконваў Генадзь Давыдзька, які з таго часу зрабіў бліскучую кар’еру і цяпер узначальвае Белтэлерадыёкампанію.

29 сакавіка Купалаўскі тэатр адновіць працу пасля рэканстукцыі сваёй візітнаю карткаю – спектаклем «Паўлінка» паводле п’есы Янкі Купалы з новымі акторамі ды свежымі дэкарацыямі. Праўда, першы выхад на абноўленую сцэну зможа ўбачыць толькі абмежаванае кола гледачоў – паказ будзе закрыты для шырокай публікі. Сярод гасцей – найвышэйшае чынавенства краіны: прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, галоўны рэдактар газеты “СБ.Беларусь сегодня” Павел Якубовіч ды інш.

Наведванне тэатру Лукашэнкам выклікала энтузіязм сярод інтэрнаўтаў. “Павінна з’явіцца новая прафесія – “тэатрал у штацкім”, – пішуць карыстальнікі сеціва. Іх словы натхнілі нас на вясёлую відэаінтэпрэтацыю магчымага развіцця падзеяў, звязаных з побытам першай асобы краіны ў тэатры.

{movie}”Усе агенты КДБ – на выхад!” Магчымы сцэнар падзеяў у Купалаўскім тэатры|right|9934{/movie}

Прыняць першых пасля рэканструкцыі гледачоў у поўным аб’ёме тэатр зможа 4 красавіка. Цягам месяца на абноўленай сцэне тэатру будуць паказваць толькі 3 спектаклі: «Паўлінку» ў пастаноўцы Льва Літвінава, «Вячэру з прыдуркам» Франсіса Вэбэра і «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. «Гэтыя спектаклі ўжо адаптаваныя пад новую сцэну, таму на красавік запланаваныя 7–8 паказаў», – адзначыла рэдактарка сувязяў з грамадскасцю ўстановы Вераніка Молакава.

Аднаўленне будынку Купалаўскага тэатру вялося з 2010 года і, як меркавалася, мусіла было вярнуць яму гістарычны выгляд.

Менавіта падчас рэканструкцыі тэатру знайшлі ўнікальную выяву бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне амаль стогадовай даўніны. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі падчас галасавання дэлегаты І Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года, які адбыўся якраз у будынку Менскага гарадскога тэатру, што пазней пачаў называцца Купалаўскім.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў