Забудзьце пра грошы на ашчадных кніжках?


Беларусы найбліжэйшым часам могуць і не марыць пра вяртанне грошай з савецкіх ашчадных кніжак, бо беларускі бюджэт гэтага проста «не пацягне». Прынамсі гэткая версія ў чыноўнікаў. Незалежныя эканамісты ўпэўненыя, што дзяржава тут, мякка кажучы, хітруе.

Разам з развалам Савецкага саюзу беларусы фактычна згубілі свае ашчаджэнні, якія захоўвалі ў савецкім «Ашчадбанку». Агулам гэта 16,4 млрд савецкіх рублёў, якія ў 1992 годзе былі афіцыйна прызнаныя дзяржаўнаю запазычанасцю. Аднак вяртаць гэтыя пазыкі дзяржава не спяшаецца.

“У найбліжэйшы час выплатаў кампенсацый па такіх укладах чакаць не варта. Дзеля гэтага з бюджэту краіны трэба выдаткаваць вельмі вялікія грошы. Пакуль такой магчымасці ў дзяржавы няма”, – заявіла старшыня Нацбанку Надзея Ермакова.

Як законна скрасці грошы?

У першай палове 90-х гадоў кампенсацыя савецкіх зберажэнняў была ў цэнтры ўвагі дзяржаўных органаў. Савет Міністраў Беларусі, Вярхоўны савет прымалі прававыя акты, паводле якіх сума ашчаджэнняў у некалькі разоў павялічвалася ў сувязі з абясцэньваннем грашовай адзінкі.

Аднак гіперінфляцыя заўсёды была на крок наперадзе. Праведзеныя дзве дэнамінацыі – у 1994 годзе і ў 2000-м. У выніку намінальны памер ашчаджэнняў, якія беларусы калісцьі даверылі «Ашчадбанку», зменшыўся ў 10 000 разоў! І прынамсі першую дэнамінацыю Канстытуцыйны суд прызнаў правамернаю, а прычынаю абясцэньвання грошай – інфляцыю.

Спробы кампенсавання: рэальныя і сімвалічныя

ВАЗ-2107, у савецкія часы каштаваў каля 5 тыс рублёў, цяпер - $ 7 тыс.ВАЗ-2107, у савецкія часы каштаваў каля 5 тыс рублёў, цяпер – $ 7 тыс.Адзіная сур’ёзная спроба скампенсаваць беларусам страты мела месца ў 1994 годзе. Пасля першай дэнамінацыі, якая зменшыла ашчаджэнні ў 10 разоў, Савет Міністраў выдаў пастанову аб кампенсацыі, паводле якой менавіта ў 10 разоў павялічвалася сума ашчаджэнняў пры іх кампенсацыі. Паводле пастановы, з рэзервовага фонду Кабінету міністраў на гэта выдаткавалі каля USD 260 млн.

Зразумела, што кампенсацыю атрымалі далёка не ўсе. Аднак пазней кампенсаванне насіла хутчэй рытуальны характар.

У 1996 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ,пра кампенсацыю ашчаджэнняў, аднак датычыў ён толькі ветэранаў. Рэшту іхных ўкладаў павялічылі ў 1 тысячу разоў.

Яшчэ праз два гады – чарговая спроба запусціць механізм кампенсацыі. «Аднак з прычыны таго, што сума кампенсацыі вылічвалася з улікам росту індэксу спажывецкіх коштаў толькі да 01.01.1996, памер кампенсацыі быў нязначны», – канстатуе сайт Нацбанку. Тэрмін дзеяння гэтага Указу скончыўся ў 2007 годзе. Гэта значыць, што цяпер не ўлічваецца нават індэкс росту коштаў з 1996 года.

«Вярніце рублікі ў доларах»

Як сёння ацэньваць адзін савецкі рубель? Чыноўнікі да гэтага пытання ў сваіх заявах нават не звяртаюцца. Меркаванні ж незалежных эканамістаў адрозніваюцца: хтосьці лічыць, што справядлівай кампенсацыяй было б прыраўняць 1 савецкі рубель да 7 амерыканскіх цэнтаў, хтосьці прыраўнівае тагачасны савецкі рубель да сённяшняга амерыканскага долара.

Аднаразовая кампенсацыя ашчаджэнняў паводле курсу «1 рубель=1 долар» з бюджэтных сродкаў цяпер немагчымая, бо гэта не менш як $ 16 млрд. Пра гэта заяўляла і Надзея Ермакова. Аднак гэтыя грошы можна атрымаць коштам прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Даведка «Белсату»: як вярталі савецкія ашчаджэнні ў іншых краінах?

Азербайджан: кампенсаванне ашчаджэнняў паводле курсу $ 0,5 – 1 за рубель цягам найбліжэйшых 10 гадоў.

Казахстан: выпуск дзяржаўных аблігацыяў з разліку $ 0,006 за рубель.

Арменія: кампенсацыя да 2015 года, з разліку $ 0,002 – 5 у залежнасці ад сумы ашчаджэнняў.

Кыргызстан: механізм нявызначаны, укладальнікі падаюць позвы ў суды.

Расея: паступовая выплата з разліку 1 савецкі рубель роўны 3 расейскім ($ 0,1).

Літва: частковая кампенсацыя ашчаджэнняў за кошт прыватызацыі прамысловасці. Курс – 1 рубель роўны 1 літу. Максімальны памер кампенсацыі ў пераліку на еўры – 1,5 тыс.

Аляксандр Лукашэнка не раз казаў, што «Беларуськалій» могуць прадаць і нават называў кошт – $ 30–32 млрд. Пра кампенсацыю ашчаджэнняў за гэтыя грошы не вядзецца, хоць, паводле эканаміста Леаніда Заікі, гэта было б цалкам лагічна.

«Людзі ў савецкі час збіралі гэтыя грошы, даверылі іх дзяржаве. Гэтыя грошы не проста ляжалі, на іх будаваліся прадпрыемствы, фінансавалася народная гаспадарка, грошы працавалі, – зазначае Леанід Заіка. – Прадпрыемствы засталіся, у тым ліку калійны камбінат, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Не трэба хлусіць, грошы ёсць».

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч таксама мяркуе, што існуе магчымасць вярнуць савецкія ашчаджэнні, але – у выглядзе акцыяў тых жа дзяржаўных прадпрыемстваў.

Зрэшты, «законны адбор» ашчаджэнняў беларусаў, што адбыўся ў 90-х – не апошні выпадак. “Таксама трэба разлічыцца з тымі беларусамі, што трымалі ашчаджэнні ў беларускіх рублях у 2011 годзе: яны згубілі 70 % гэтых зберажэнняў”, – падкрэслівае Леанід Заіка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў