Беларускія фатографы скарылі Ліль


Вернісаж «Belarus Press Photo» 2012 адбыўся ў французскім Лілі. Выстава працаў пераможцаў прафесійнага конкурсу размясцілася ў галерэі «Espace Culture» тэхналагічнага ўніверсітэту Лілю, праект падтрымала Асацыяцыя фатографаў універсітэтаў Лілю «La Spul».

46 фотаздымкаў беларускіх фатографаў у розных катэгорыях – «Навіны», «Спорт», «Традыцыі, «Мастацтва», «Штодзённае жыццё», «Прырода» – занялі большую частку галерэі. Не дачакаўшыся афіцыйнага адкрыцця, групы наведнікаў ужо праходзілі па калідорах, на сценах якіх вісяць працы беларускіх фатографаў, чыталі подпісы і абмяркоўвалі фотаздымкі.

Гэтым разам на адкрыцці выставы прысутнічалі лаўрэаты конкурсу 2012 года ў розных намінацыях: Наталля Аблажэй (фатограф БелТА) і Васіль Фядосенка («Reuters»). На сустрэчы разыгралі некалькі календароў з конкурснымі працамі «Belarus Press Photo».

«Мы заняліся гэтаю выставаю таму, што яна паказвае Беларусь з розных бакоў, не толькі белае ці чорнае пра краіну. Тут ёсць усё: традыцыі, спорт, навіны, мастацтва, – і кожны, прагледзеўшы фотаздымкі, можа сфарміраваць уласнае бачанне Беларусі, вынесці нешта сваё. Да таго ж, прэс-фота – гэта тое, з чым мы сутыкаемся штодня, гартаючы газеты ці выданні онлайн, аднак выставаў, прысвечаных менавіта гэтаму жанру фатаграфіі, адбываецца не так шмат», – патлумачыла адна з арганізатараў выставы ў Лілі Аліна Таранік.

Наталля Аблажэй зазначыла, што ўласна конкурс «BPP» у Беларусі дапамагае адкрыць новыя імёны і таленты беларускай фотажурналістыкі.

«Выстава 2012 года сумная, бо ў 2011 годзе адбыўся выбух у метро, было шмат затрыманняў, а фатографы дасылалі фота, прысвечаныя актуальным на той час падзеям. Выстава за 2013 год мусіць быць нашмат больш пазітыўнаю», – дадаў Васіль Фядосенка.

На ягоную думку, гэткія выставы адкрываюць для замежнікаў, асабліва тых, хто нарадзіўся і жыве ў Заходняй Еўропе, «краіну, якая месціцца паміж Расеяй і Польшчаю», нараджаюць жаданне ў фатографаў прыехаць у такую экзотыку.

Пасля афіцыйнай прэзентацыі выставы прысутныя выправіліся ў вандроўку па 46 працах беларускіх фотажурналістаў. Найбольшую цікавасць выклікалі працы пра культурніцкі «чорны спіс» (французы цікавіліся, чаму музыкі забароненыя ва ўласнай краіне), жыццё ў чарнобыльскай зоне, пратэст на скуры і формы пратэсту ў Беларусі ўвогуле, тэракт. З цікаўнасцю зазначалі гісторыю беларускага герба «Пагоня».

А 27 сакавіка ў межах праекту «Belarus Press Photo Lille» адбылася сустрэча французскіх студэнтаў з беларускімі фатографамі. Васіль Фядосенка і Наталля Аблажэй распавялі пра ўмовы працы фотажурналіста ў інфармацыйным агенцтве, паказалі свае працы і адказалі на пытанні нешматлікай, але цікаўнай публікі.

М.Л., belsat.eu

Фота belsat.eu і JP Verrue

Стужка навінаў