Берлінскую сцяну разбурылі зноў


Нямецкія ўлады працягнуць дэмантаж Берлінскай сцяны, нягледзячы на шматтысячныя акцыі пратэсту. Самы доўгі адрэзак сцяны (1,3 км) вырашылі знесці таму, што ён перашкаджае праезду спецтэхнікі, якая ўжываецца для забудовы тэрыторыі каля ракі Шпрээ. Праект належыць прыватнаму інвестару Майку Увэ Гінкелю.

Першая спроба знесці гістарычны помнік, які стаў карціннаю галерэяй пад адкрытым небам «East side gallery», скончылася масавымі маніфестацыямі. Жыхары гораду выказалі незадаволенасць планамі будаўніцтва на гэтым месцы шматкватэрнага дому класу люкс. На іхную думку, улады гораду спрабуюць залагодзіць вострыя моманты мінулага сучаснай Нямеччыны, сціраючы гістарычную памяць пасля аб’яднання краіны.

«Яны не маюць разумення гістарычнай значнасці ды мастацкай каштоўнасці гэтага месца», – лічыць кіраўнік мастацкай групы «East side gallery» Кані Аляві.

Спачатку будаўнікі паспелі толькі зрабіць у сцяне невялікую адтуліну, каля якой адразу ж з’явіліся транспаранты пратэстоўцаў. Аднак сёння раніцаю дэмантавалі яшчэ чатыры паўтараметровыя блокі сцяны. Паводле відавочцаў, вакол будпляцоўкі збіраюцца людзі, аднак ніякай акцыі пратэсту пакуль не адбываецца. На ўсялякі выпадак парадак на месцы працы забяспечваюць каля 250 паліцыянтаў.

«East side gallery» заснавалі адразу пасля аб’яднання ФРГ і ГДР, у яе афармленні прымалі ўдзел больш за 120 мастакоў з 20 краінаў. Сярод сусветна вядомых малюнкаў – пацалунак генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева і кіраўніка ГДР Эрых Гонэкер. З 1991 года галерэя, уздоўж якой штогод шпацыруюць сотні тысяч турыстаў, ахоўваецца дзяржаваю як помнік культуры.

А.Л., belsat.eu

Стужка навінаў