Дзе пабываў і што пабачыў кіраўнік Беларусі?


Аляксандра Лукашэнкі няма ў Беларусі ўжо 2 тыдні. З цёплых краёў ён мае вярнуцца неўзабаве, бо ўжо заўтра мае адбыцца ягонае спатканне з генеральным сакратаром арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжы.

Прысутнасць лідара Беларусі чакаецца таксама на адкрыцці Купалаўскага тэатру 29 сакавіка. Мяркуецца, што ён паглядзіць «Паўлінку» – класіку беларускай сцэны з новымі акторамі і дэкарацыямі.

«Цягам 2 тыдняў без Лукашэнкі ў Беларусі адбыўся хіба толькі снежны буран», – жартуюць інтэрнаўты.



Просмотреть Дзе апошнім часам пабываў Аляксандр Лукашэнка? на карте большего размера

Апошнім часам кіраўнік Беларусі ўвесь час у дарозе. Не паспеў ён вярнуцца з Венесуэлы з пахавання свайго сябра Уга Чавэса, як 14 сакавіка адправіўся на сустрэчу з прэзідэнтам Расеі ў межах чарговага паседжання Найвышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка хацеў дамовіцца пра чарговы крэдыт для Беларусі памерам $ 2 млд. Крэмль аднак абумовіў выдачу крэдыту маштабнаю прыватызацыяй буйных беларускіх прадпрыемстваў. Лукашэнка паспеў уручыць тады Пуціну ордэн Дружбы народаў і падпісаць пагадненне аб будаўніцтве беларускай даследніцкай станцыі ў Антарктыдзе.

З Пецярбургу кіраўнік Беларусі паляцеў у Інданезію. Лукашэнка падкрэсліў, што візіт у гэтую краіну падрыхтоўваўся беларускім бокам больш за 10 гадоў. Лукашэнка спаткаўся з прэзідэнтам Інданезіі Сусілё Бамбанґам Юдаёно, якога таксама запрасілі наведаць Беларусь.

Пасля Інданезіі галава Беларусі наведаў Сінгапур, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам краіны. Лукашэнка заявіў пра магчымасць продажу Сінгапуру акцыяў беларускіх кампаніяў, у тым ліку «Беларуськалію». 22 сакавіка нечакана для ўсіх Аляксандр Лукашэнка паляцеў не дахаты, а ў адну з найбагацейшых краінаў свету – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 25 сакавіка, на Дзень Волі, галава Беларусі спаткаўся з намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам унутраных справаў ААЭ шэйхам Сайфам бін Заідам ан-Наг’янам, а таксама са спадчынным прынцам эмірату Абу-Дабі шэйхам Мухамэдам бін Заідам ан-Наг’янам. Што яшчэ робіць Лукашэнка ў Эміратах, ахутанае таямніцаю. Існуюць версіі, што паездка Лукашэнкі ў ААЭ – завуаляваны адпачынак.

«Накручванне хвастоў» чыноўнікам?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка выправіўся ў краіны Азіі, каб, з аднаго боку, «падсілкаваць ідэалагічныя рупары», а з другога – вырашыць пэўныя эканамічныя праблемы Беларусі. Аднак адмысловец кажа пра няпэўныя вынікі ад наведвання Лукашэнкам азіяцкіх краінаў, бо беларуская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі на сусветным рынку. «Нават у беднай Інданезіі аддаецца перавага кітайскім прадуктам, – падкрэсліў эксперт. – Інвеставаць у беларускую эканоміку таксама наўрад ці знойдуцца ахвотныя. Ва ўрадах гэтых краінаў не дурныя людзі сядзяць, і ім хопіць «пагугліць» пра нацыяналізацыю «Камунаркі» ды «Спартака», каб даведацца, што інвестыцыйны клімат у Беларусі неспрыяльны».

Паводле адмыслоўцы, галава Беларусі сваймі замежнымі паездкамі можа «накручваць хвасты» беларускім чыноўнікам, каб паказаць, што, «маўляў, прэзідэнт паехаў, прэзідэнт зрабіў». «Аднак на узроўні калгасу нельга кіраваць краінаю», – мяркуе эксперт.

Паводле спадара Класкоўскага, шуканне кіраўніцтвам Беларусі партнёраў на падставе ідэалогіі, поглядаў – хібнае ў сваёй аснове. Паводле адмыслоўцы, пад бокам у Беларусі – краіны Еўразвязу, супраца з якімі можа прынесці нашмат большыя прыбыткі, чымся гандаль з краінамі трэцяга свету.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў