Упершыню кіраўніком Сакрэтнай службы ЗША стала жанчына


Амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама прызначыў на гэтую пасаду Джулью Пірсан (Julia Pierson), якая раней кіравала апаратам ведамства.

“У Джульі выбітны паслужны спіс. Я ўпэўнены, што ейны досвед дапаможа ёй даць рады з новаю задачаю – кіраваць працаўнікамі гэтага важнага агенцтва”, – падкрэсліў амерыканскі лідар у сваёй заяве.

Джулья Пірсан нарадзілася ў Флорыдзе, а працаваць у адным з падраздзяленняў Сакрэтнай службы Маямі пачала ў 1983 годзе. У канцы 1980-х яна 4 гады працавала ў аддзеле, які займаецца аховаю прэзідэнта.

Папярэднік новай кіраўніцы федэральнага агенцтва Марк Саліван (Mark J. Sullivan) падаў у адстаўку ў лютым, што звязалі са скандалам, у цэнтры якога апынулася ведамства год таму падчас візіту Оўбамы ў Калумбію. Тады выявілася, што колькі агентаў карысталіся паслугамі прастытутак.

Апроч аховы дзейнага прэзідэнта, ягонага намесніка і былых кіраўнікоў амерыканскай дзяржавы, Сакрэтная служба ЗША займаецца таксама расследаваннем пэўных злачынстваў у сферы фінансаў.

Скандал у Картахэне

Скандал з працаўнікамі Сакрэтнай службы ЗША выбухнуў у красавіку 2012 года перад прыбыццём прэзідэнта Барака Оўбамы ў калумбійскі горад Картахэна на саміт кіраўнікоў амерыканскіх дзяржаваў. Як стала вядома, каля 20 жанчын лёгкіх паводзінаў забаўлялі агентаў Сакрэтнай службы і працаўнікаў Пэнтагону ў гатэлі, у якім спынілася амерыканская дэлегацыя. Раніцаю адна з прастытутак падняла шум у гатэлі, сцвярджаючы, што адзін з агентаў не заплаціў ёй за паслугі.

Пазней гэтая жанчына, 24-гадовая маці-адзіночка, дала інтэрв’ю газеце «The New York Times», у якім распавяла, што адзін з працаўнікоў Сакрэтнай службы ЗША пагадзіўся заплаціць ёй 800 долараў за ноч, а даў толькі 30.

У скандале замяшаныя 12 агентаў Сакрэтнай службы і колькі вайскоўцаў. Летась у красавіку ў адстаўку сышлі 6 працаўнікоў ведамства.

М. Я., belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Глядзі таксама
Каментары