Бандарэнка: Любая дыктатура разумее толькі мову сілы


Калі б не было санкцыяў адносна Беларусі, зніклых і забітых лідараў апазіцыі ў краіне было б некалькі тысячаў, упэўнены былы палітвязень і прадстаўнік руху «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.



Дырэктар праваабарончай арганізацыі «Freedom House» і былы дыпламат Дэйвід Крэмэр (David Kramer) заклікаў Вашынгтон і Брусель да эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі. Наколькі магчымая рэалізацыя заяваў праваабаронцы?

{movie}”Гарачы каментар”: Бандарэнка пра санкцыі|right|9900{/movie}

Да голасу Дэйвіда Крэмэра мусіць прыслухацца кіраўніцтва ЗША, мяркуе Зміцер Бандарэнка, бо праваабаронца бываў у Менску ў якасці памочніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў, ведае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Акрамя таго, Крэмэр – сур’ёзная постаць у амерыканскай палітыцы і патэнцыйны кандыдат на кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ЗША.

«Беларускі рэжым абвінавачваецца міжнароднаю супольнасцю ў шэрагу злачынстваў: выкраданне і забіццё палітычных апанентаў, фальсіфікацыя выбараў і ўзурпацыя ўлады, катаванне і масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі, карупцыя і пастаўка зброі ды нават наркотыкаў, таму міжнародная супольнасць мусіць рэагаваць на такія паводзіны», – адзначыў былы палітвязень. Прычым, улічваючы, што Беларусь – сур’ёзная праблема ўсяго свету, міжнародная супольнасць мусіць прымаць любыя метады, падкрэсліў госць «Белсату».

Паводле Змітра Бандарэнкі, Дэйвід Крэмэр быў бацькам разумнай палітыкі ў дачыненні беларускага дыктатара, сарваўшы бізнес Чавэса і Лукашэнкі на нафце. «ЗША разам з Канадаю сапраўды прымянілі тады эканамічныя санкцыі супраць беларускага «Белнафтахіму», якія дагэтуль дзейнічаюць у ЗША».

Крэмэр, паводле прадстаўніка «Еўрапейскай Беларусі», прымусіў беларускі рэжым выпусціць палітвязняў: Змітра Дашкевіча, Андрэя Клімава, Аляксандра Казуліна. «Гэта ўсё была справа Крэмэра, які ведае, што размовы з рэжымам Лукашэнкі не даюць нічога, а дзеянні ці пагроза санкцыяў прымушаюць рэжым рэагаваць», – адзначыў спадар Бандарэнка.

На думку былога палітвязня, беларускі рэжым, як і любая дыктатура, разумее толькі мову сілы, а без санкцыяў і жорсткай рэакцыі міжнароднай супольнасці ў дачыненні Беларусі ахвярамі рэжыму былі б не адзінкі, а тысячы людзей, як у Лацінскай Амерыцы.

«Калі будуць санкцыі Захаду, іх будзе спрабаваць кампенсаваць Расея. Хоча Расея мець свайго сатрапа Лукашэнку ў Беларусі, хай плоціць за гэтае задавальненне», – падкрэсліў госць «Белсату», дадаўшы, што Крэмль не дасць рады ўвесь час падтрымліваць дыктатуры ў Беларусі ды іншых краінах былога СССР. Пасля ўпадку аўтарытарнага рэжыму ў самой Расеі, лічыць апазіцыянер, беларусы нарэшце пачуюцца вольна і годна, будуць больш зарабляць і без абмежаванняў падарожнічаць па свеце.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў