Расея: Масавыя рэвізіі ў офісах няўрадавых арганізацыяў


Днямі расейскія падаткавікі зацікавіліся хіба ўсімі праваабарончымі арганізацыямі. Між іншымі, правяральнікі з’явіліся ў офісах «Мемарыялу», «Amnesty International», «За правы чалавека» і ў «Грамадскі вердыкт».

Сябра рады у пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці ды правах чалавека пры прэзідэнце Павал Чыкаў паведаміў агенцтву «Associated Press», што да гэтае пары адбыліся вобшукі ў амаль 2 тыс. арганізацыяў. Сама пракуратура паведаміла, што мае намер праверыць ад 30 да 100 арганізацыяў у кожным рэгіёне, што ў цэлым па краіне складае некалькі тысячаў НДА.

Дырэктар амерыканскай праваабарончай арганізацыі «Freedom House» Дэвід Крэмэр мяркуе, што пасля вяртання на пасаду прэзідэнта Пуцін паслядоўна рэалізоўвае курс, скіраваны на знішчэнне грамадзянскай супольнасці.

Гэтак, Дзяржаўная Дума зацвердзіла шэраг законаў рэпрэсіўнага характару: увялі крымінальную адказнасць за паклёп, у некалькі разоў павялічылі штрафы за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях, пашырылі паняцці таямніцы і дзяржаўнай здрады. Таксама летась у лістападзе ўступіў у сілу гэтак званы закон «анты-НДА», у адпаведнасці з якім усе грамадскія арганізацыі, што супрацоўнічаюць з замежнымі партнёрамі, трапляюць у спіс «замежных агентаў».

Менавіта дзеля выкрыцця замежных агентаў ладзіцца гэткае маштабнае правяранне. Чамусьці перадусім у «агентурнай дзейнасці» падазраюцца праваабарончыя арганізацыі.

Паводле беларускай праваабаронцы Таццяны Равякі, улады Расеі карыстаюцца з досведу беларускіх калегаў.

«Вясну» дэлегалізавалі ў 2003 годзе на падставе выраку Вярхоўнага суда за правядзенне назірання за выбарамі 2001 года. Пасля быў уведзены 193 артыкул крымінальнага кодэксу, што прадугледжваў два гады турмы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Алеся Бяляцкага спачатку папярэджвалі паводле гэтага артыкулу, а пасля дадаліся абвінавачанні пра сакрыццё даходу», – зазначае спадарыня Равяка.

Праўда, пакуль што ніхто з расейскіх праваабаронцаў не адбывае турэмны тэрмін. Аднак, як адзначае Таццяна Равяка, расейскія калегі могуць хутка аказацца ў беларускай сітуацыі, калі перад тым, як бараніць правы грамадзянаў, трэба абараніцца самім.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў