Сцяжкі ды свечы на святочным стале: Дзень Волі ў Івонкі Сурвілы


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі святкуе Дзень Волі пераважна на публічных імпрэзах разам з іншымі беларусамі, але часам адзначае дома разам са сваймі сямейнікамі ды сябрамі.

Івонка Сурвіла (у дзявоцтве Шыманец) – нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. З 1944 разам з бацькамі – у эміграцыі. Жыла ў Даніі, з 1948 – у Францыі. Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы. У 1959 скончыла філалагічны факультэт Сарбоны. Разам з мужам пераехала ў Мадрыд, дзе ў 1959–1965 была працаўніцаю Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, а таксама выкладала французскую мову. У 1969 з сям’ёю перабралася ў Канаду. З 1997 – старшыня Рады БНР, якая дзейнічае ў эміграцыі.

«Калі здараецца, што ніхто не святкуе Дзень Волі афіцыйна, то я запрашаю дадому некалькі сваіх сяброў. Мы ставім на стале бел-чырвона-белы сцяг, гэтаксама, як мы абавязкова рыхтавалі да Калядаў бел-чырвона-белыя гірлянды на ялінку, запальваем свечкі – так ствараецца асаблівы святочны і рамантычны настрой, і вячэраем, гаворачы выключна пра Беларусь», – узгадала Івонка Сурвіла.

Да святочнага стала звычайна гатаваліся найлепшыя стравы, хоць грошай не заўсёды ставала, каб рабіць вельмі шыкоўныя пачастункі. Пры стале ўвесь час, успамінае дзяячка, не сціхала размова пра Беларусь. «Мы вельмі тужылі па Бацькаўшчыне. Сэрца ад гэтага балела. Мы на кожным кроку размаўлялі пра Беларусь, мы толькі пра яе і думалі. Нашыя сябры-замежнікі называлі нас праз гэта апантанымі», – прызналася старшыня Рады БНР. «Абвешчанне БНР было надзвычайнаю падзеяй, гэта ж была велізарная перамога нашых продкаў над лёсам…»

Адно з першых святкаванняў, якое запомнілася спадарыні Івонцы, было ў 1948 годзе. Тады ейная сям’я пераязджала з Даніі ў Францыю, і святкаванне адбылося ў пераезным лагеры ў горадзе Калінґ. «Гэта быў адзін з найпрыгажэйшых святочных дзён. Сабраліся ўсе беларусы, якія выязджалі з Даніі, запрасілі сваіх дацкіх сяброў і святкавалі з прамовамі, песнямі. Было надзвычай цудоўна», – распавяла дзяячка.

У адзначэнне патрэбна абавязкова ўключаць дзяцей з малых гадоў. Самае галоўнае – гэта растлумачыць дзеткам, што менавіта святкуецца. «Я ведала вельмі рана, што гэта вельмі вялікае свята для беларусаў і святкавала напоўніцу. Мой бацька многа расказваў нам пра беларускую гісторыю, займаўся з намі навучаннем беларускай мове», – адзначыла старшыня Рады БНР.

Івонка Сурвіла мяркуе, што 25 сакавіка – не толькі сямейнае, але і асабістае свята, якое кожны беларус мусіць мець у сваім сэрцы. Яго, на думку старшыні Рады БНР, неабходна таксама святкаваць публічна, бо важна, каб беларусы збіраліся разам і сведчылі іншым пра сябе і сваё нацыянальнае свята. Там, дзе ёсць хоць некалькі беларусаў, яны мусяць сабрацца разам і святкаваць супольна. «Калі маеце сяброў, а нават чужых, запрашайце да сябе ў гэты дзень. Зрабіце самую ўрачыстую вячэру, якую можаце. Расказвайце гасцям пра важнасць гэтага дня», – мае свой рэцэпт на святкаванне Дня Волі Івонка Сурвіла.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў